Без намёкаў. Як свет быў на парозе ядзернай вайны

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя. 
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя. 

Сваёй “дапамогай” Крэмль ледзь не спарадзіў Трэцюю сусветную вайну.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” узгадвае Карыбскі крызіс — канфлікт, падчас якога СССР быў гатовы прымяніць супраць ЗША ядзерную зброю. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.

Пачатак 1960-х — самы разгар гонкі ўзбраенняў падчас Халоднай вайны. На той момант ЗША мелі значную ядзерную перавагу над СССР. У 1961 годзе Вашынгтон размясціў свае ракеты сярэдняй далёкасці ў Італіі і Турцыі. Радыус іх дзеяння пакрываў еўрапейскую частку СССР, уключна з Масквой.

Савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў у адказ размясціў свае ракеты на Кубе, дзе ў 1959 годзе да ўлады прыйшоў Фідэль Кастра, рэжым якога спрабавалі зрынуць ЗША. Пад выглядам дапамогі кубінскаму народу СССР цягам лета і восені 1962 года таемна пераправіў на востраў ваенную тэхніку і каля 40 тысяч салдат і афіцэраў. Таксама прывезлі ядзерныя ракеты Р-12 з радыусам дзеяння каля дзвюх тысяч кіламетраў і Р-14 з далёкасцю ў два разы большай.

Без намёкаў. Як свет быў на парозе ядзернай вайны

14-га кастрычніка 1962 года амерыканскі самалёт-выведнік сфатаграфаваў на Кубе пускавыя ракетныя ўстаноўкі. Аналітыкі з ЦРУ і Пентагона распазналі ў іх савецкія балістычныя ракеты сярэдняй далёкасці Р-12, здольныя несці ядзерны зарад. Праз два дні здымкі паказалі амерыканскаму прэзідэнту Джону Кенэдзі, і ён тэрмінова склікаў дарадцаў па нацыянальнай бяспецы. Гэта і лічыцца пачаткам Карыбскага крызісу.

18 кастрычніка Кенэдзі прыняў міністра замежных спраў СССР Андрэя Грамыку, які прыбыў на сесію Генасамблеі ААН. Падчас гутаркі, якая доўжылася 2 гадзіны 20 хвілін, той сцвярджаў, што "наша дапамога мае выключна мэты садзейнічання абараназдольнасці Кубы і развіццю яе мірнай эканомікі", а ваеннае супрацоўніцтва абмяжоўваецца "навучаннем кубінскага персаналу абыходжанню з некаторымі абарончымі відамі зброі".

22 кастрычніка Кенэдзі выступіў па тэлебачанні з заявай аб "вераломстве Саветаў, якія ўстанавілі ракеты на Кубе", "небяспецы, якая навісла над ЗША" і "неабходнасці даць адпор". Прэзідэнт запатрабаваў склікання Савета Бяспекі ААН, аб'явіў аб стварэнні крызіснага штаба і мерах па ізаляцыі Кубы.

Ён аб’явіў марскую блакаду вострава, але не поўную, а так званы "каранцін" — рэжым агляду суднаў з дазволам ісці далей, калі на борце не будзе нічога падазронага.

Сітуацыя рэзка напружылася 27 кастрычніка. Раніцай над Кубай збілі амерыканскі самалёт-разведчык, пілот загінуў. Гэта магло стаць нагодай для эскалацыі. Ваенныя дарадцы пераконвалі Кенэдзі аддаць загад аб уварванні на Кубу. Але кіраўнік Пентагона Роберт Макнамара прапанаваў пачакаць.

Для Хрушчова збіццё самалёта таксама стала нечаканасцю — згоду на гэта ён не даваў. Да гэтага часу дакладна невядома, хто менавіта аддаў загад адкрыць агонь. І некаторыя аналітыкі і гісторыкі падазраюць, што гэта была ініцыятыва выключна Кубы.

На працягу Карыбскага крызісу Фідэль Кастра неаднаразова пераконваў Хрушчова нанесці прэвентыўны ядзерны ўдар па ЗША, каб пазбегнуць уварвання. І пасля інцыдэнту са збітым самалётам кубінскія зенітчыкі, парушаючы загад, абстралялі яшчэ два самалёты-разведчыкі, але збіць іх не змаглі. Тады Хрушчоў зразумеў, што не можа поўнасцю кантраляваць сітуацыю на Кубе.

Без намёкаў. Як свет быў на парозе ядзернай вайны

У той жа дзень, 27 кастрычніка, ля берагоў Кубы ВМС ЗША абстралялі сігнальнымі глыбіннымі бомбамі савецкую падлодку "Б-59" і прымусілі яе падняцца на паверхню. Аднак амерыканцы не ведалі, што на падлодцы была тарпеда з ядзернай боегалоўкай. А камандзір "Б-59" Валянцін Савіцкі вырашыў, што вайна ўжо пачалася, і рыхтаваўся выпусціць тарпеду. Але іншы старэйшы афіцэр Васіль Архіпаў адгаварыў камандзіра. У выніку падлодка адправіла сігнал "Спыніце правакацыю", пасля чаго амерыканцы адышлі. Магчыма, што Архіпаў выратаваў тады свет.

У выніку Кенэдзі і Хрушчоў дамовіліся, што СССР вывозіць свае ракеты з Кубы, а ЗША афіцыйна адмаўляюцца ўрывацца на востраў. На працягу трох тыдняў савецкія ракетныя ўстаноўкі дэмантавалі, пагрузілі на караблі і вывезлі з тэрыторыі Кубы. Пераканаўшыся, што Савецкі Саюз прыбраў ракеты, прэзідэнт Кенэдзі 20 лістапада аддаў загад спыніць блакаду вострава.

Аднак Кенэдзі ўзяў на сябе яшчэ адно неафіцыйнае абавязальніцтва — паабяцаў прыбраць амерыканскія ракеты з Турцыі. Публічна заявіць аб гэтым ён не мог, каб не расчараваць партнёраў па НАТА. Слова сваё прэзідэнт стрымаў: у красавіку 1963 года гэтыя ракеты абвясцілі састарэлымі і дэмантавалі.

Але ў той час пра гэтую сакрэтную дамову мала хто ведаў, таму лічылася, што Кенэдзі выйшаў з Карыбскага крызісу пераможцам. Фідэль Кастра назваў такі кампраміс здрадай, а партыйнае кіраўніцтва СССР узгадала гэта Хрушчову праз два гады, калі накіравала яго на пенсію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі