Вы тут

Алесь Таболіч: Не хачу пісаць песні пра багоў, палітыку і сацыяльшчыну

20 сакавіка ў клубе Re:Public пройдзе "Фэст вясновага раўнадзенства", на якім пэган-метал гурт "Зніч" адсвяткуе сваё 20-годдзе. Напярэдадні падзеі лідар каманды Алесь Таболіч паразважаў у студыі Еўрарадыё пра тое, што ўтрымала гурт на плыву, як змена складаў уплывала на саўнд, чаму Алесь перастаў пісаць песні і кінуў піць.

Еўрарадыё: "Знічу" сёлета 20 гадоў. Як у вас атрымалася столькі пратрымацца?

Алесь Таболіч: А я вось і не ведаю. Мяркую, што з такой металёвай музыкай вельмі мала гуртоў дажывае да 20-ці гадоў... Думаю, што ў гурце павінен быць чалавек, які заўсёды ідзе за ідэяй. Я сам пра сябе цяпер кажу. Гурт — гэта частка майго духоўнага жыцця. Я рабіў шмат намаганняў, каб гурт існаваў, запісваў альбомы, здымаў кліпы і выступаў. І мне падаецца, што праз столькі гадоў мы ўсё ж застаёмся на плыву і робім сваю справу шчыра, а не кідаемся ў моду ці камерцыю. Мы застаёмся "Знічом", тым жа пэган-метал-гуртом, якім былі на пачатку сваёй гісторыі ў 1996-м годзе.

Еўрарадыё: Калі вярнуцца на дваццаць гадоў назад, ты узяўся б за "Зніч" ці заняўся б нечым іншым?

Алесь Таболіч: Натуральна, рабіў бы "Зніч".Творчасць — гэта не толькі нейкі адзін канкрэтны момант, музыка, напрыклад. Творчасць для мяне — гэта і выяўленчае мастацтва, і дызайн, і татуіроўкі, і музыка, і арганізацыя фестываляў. Я шмат чым займаюся ў жыцці. І, як творца, я ўсё жыццё прытрымліваюся пэўных ідэй і пазіцый.

Еўрарадыё: То бок, цягам гэтых 20-ці гадоў твае пазіцыі не змяняліся?

Алесь Таболіч: Яны знаходзілі розныя інтэрпрэтацыі. У пэўны час я працаваў з гуртамі Splenetic, Stod — гэта быў пошук новых магчымасцяў. Але што тычыцца майго ўнутранага свету, я заўсёды заставаўся тым, хто я ёсць.

Еўрарадыё: Калі ты прабягаешся па гэтых 20-ці гадах, за што чапляецца памяць, што прыемна ўзгадваць?

Алесь Таболіч: Мне падаецца, што галоўнае, гэта падтрымка людзей, якія, скажам, спачуваюць тваёй ідэі.

Еўрарадыё: А што было непрыемнага?

Алесь Таболіч: Самае складанае ў калектывах — гэта адносіны. Узнікае зайздрасць, недаказанасць, крыўды. Многія гурты разыходзяцца і сыходзяць у забыццё менавіта з-за таго, што музыкі псуюць узаемаадносіны паміж сабой. Таму ў кожным выпадку варта ісці на кампраміс, зразумець чалавека і шукаць выйсце са складаных сітуацый. Прычым, самае смешнае, што шмат людзей мяркуе, што гэта Таболіч такі дурны, што з ім немагчыма спрацавацца. Я ніколі не ні з кім не канфліктаваў і не казаў: сыходзь, бо мы з табой не знаходзім паразумення. Такога не было. Усе сыходзілі з гурта па асабістых прычынах: хтосьці па сямейных, хтосьці хацеў зарабляць грошы. Бо трэба разумець, што альтэрнатыўная музыка ў Беларусі нікому не патрэбная апроч тых, хто ёй і займаецца... Другое, з чым я ўласна пачаў змагацца — гэта алкаголь. Калі ты перабольшваеш, можаш згубіць усё, а не толькі музыку ці талент увогуле. Можна згубіць сябе. І такіх прыкладаў у беларускай музыцы дастаткова. Таму я адчуў, што хопіць галівудзіць, што ўжо не той час, і перайшоў на гарбату.

Еўрарадыё: Галоўны вынік, які можна вынесці з 20-годдзя гурта? Ці ўсё з задуманага атрымалася зрабіць? Што найбольш каштоўнага, з таго, што зрабілі?

Алесь Таболіч: Мы па-ранейшаму ў пошуку і па-ранейшаму рухаемся далей. На дадзены момант мы запісваем новы альбом, у якім пошук адлюстроўваецца ў гучанні і ўдасканальванні музыкі. Усё, што мы стварылі, зроблена для тых, хто нас слухаў гэтыя 20 гадоў. Наколькі гэта цікава, вырашаць таксама ім. Тым не менш, сваё месца ў альтэрнатыўнай беларускай музыцы мы занялі. І я неаднойчы чуў, як некаторыя папулярныя цяпер гурты кажуць, што выхоўваліся на музыцы Gods Tower, Vicious Crusade, "Зніч" — гэта вельмі прыемна. Але ўсё ж больш важнае тое, што мы зробім далей. Мы не складаем лапкі: маўляў, 20 гадоў адыгралі, цяпер можна не парыцца, а выконваць тое, што зроблена. Не. Мы, наадварот, імкнёмся яшчэ больш яскрава падаць сваю музыку новаму пакаленню.

"Зніч" на адборачным туры на "Еўрабачанне-2016"

Еўрарадыё: Якім будзе новы альбом? Наколькі ён будзе падобным да мінулых прац?

Алесь Таболіч: Так сталася, што перад кожным запісам новага альбома ў "Зніча" змяняўся склад. Адпаведна, кожны альбом у нас ніколі не падобны да папярэдняга. На новым дыску акурат будзе новы саўнд, якога мы дасягнулі за кошт спалучэння электроннай музыкі з аўтэнтычнымі інструментамі. Да таго ж, мы выкарысталі знакамітыя вершы Максіма Багдановіча "Слуцкія ткачыхі" і "Зорка Венера". Яны ўпісваюцца ў кантэкст альбома — унутраны свет чалавека і яго перажыванні. Большасць песень для альбома напісаў наш басіст, Бурзум ці Аляксандр Валер'евіч, як ён любіць, каб яго называлі. Так сталася, што я перастаў пісаць тэксты, не ведаю, з чым гэта звязана: не ведаю, пра што пісаць...

Еўрарадыё: Адсутнасць алкаголю ў крыві дае пра сябе ведаць?

Алесь Таболіч: (смяецца) У гэтым штосьці ёсць... Ну вось, прыходзіць натхненне. Але я не ведаю, пра што пісаць. На сацыяльныя тэмы пісаць не хачу. Пра палітыку таксама. Пра багоў, Ярыл, сотвараў таксама не хачу. А Бурзум на 80% стварыў музыку да альбома і сказаў: "Алесь, калі не атрымліваецца, давай я напішу". І ў яго атрымалася напісаць тэксты, якія пасуюць да музыкі і да агульнай ідэі. Бо спачатку мы думалі спыніцца на класіцы. Але напісалі песні на вершы Багдановіча і вырашылі ўсё ж засяродзіцца на сваім. Бо проста перапяваць класікаў не вельмі цікава, а калі зрабіць адну-дзве песні — гэта крута. Тое самае і з фальклорам: на кружэлцы будзе адна народная песня "Дунаю", вядомая па нашым удзеле ў нацыянальным адборы на "Еўрабачанне". Вось яна акурат яскрава будзе глядзецца на альбоме. А калі б такіх "Дунаяў" было 10 — было б проста смешна.

Еўрарадыё: А няма рэўнасці да Бурзума? Маўляў, быў я такім малайцом, пісаў тэксты, а тут...

Алесь Таболіч: Можа і ёсць, але ж праз сілу не будзеш з сябе выціскаць гэтыя словы. Я ж не магу апусціцца да "чыжыка-пыжыка". Магчыма, пасля гэтага альбома ў мяне зноў прачнецца здольнасць пісаць. А можа, і не. Магчыма, я перастаў пісаць тэксты з-за перажыванняў, якія тычыліся зменаў складу, пошукаў музыкаў і пошукаў, звязаных з развіццём гурта. Але, страціўшы гэтую здольнасць, я навучыўся ладзіць фестывалі. То бок, частка творчасці перайшла ў іншае рэчышча.

Еўрарадыё: Як ты лічыш, ці папулярны пэган-метал сярод маладых беларускіх музыкаў?

Алесь Таболіч: Ён папулярны даўно, з пачатку 1990-х, калі развівалася не толькі метал-сцэна, але і фолк, і рок-музыка ў цэлым. Беларусь і адметная тым, што, нягледзячы на тое, што гэта маленькая краіна, у ёй шмат аўтэнтычных фальклорных, фолк-металічных гуртоў. Гэта нікуды не падзелася. Проста ёсць модныя калектывы, як раней быў папулярны панк і Nirvana ці дэз-метал. Цяпер олдскульны рок ці электроніка. Але мода прыходзіць і сыходзіць. А гурты кшталту Gods Tower, "Палац", Kriwi, "Троіца" па-ранейшаму выклікаюць цікавасць не толькі беларусаў, але і замежнікаў.

Еўрарадыё: Якой музыкай, па-твойму, найлепш можа адлюстраваць цяперашнюю эпоху ў Беларусі?

Алесь Таболіч: У Беларусі, мне здаецца, ёсць адзіная вялікая праблема: шмат людзей разумеюць, што яны беларусы, знаходзяцца ў палітычнай і культурнай плыні, а некаторыя, маючы магчымасць любіць Беларусь, любяць усё заходняе ці ўсходняе. У нас дзве Беларусі. Адна сучасная, якая імкнецца ці то да Еўропы, ці то да Расіі. А ёсць сталая Беларусь, якая з 1990-х гадоў робіць тое, што і рабіла.

Еўрарадыё: А ты ў якой Беларусі знаходзішся?

Алесь Таболіч: Я ў старой. Я нарадзіўся і жыў, калі адбывалася Адраджэнне, я адчуў дух свабоды. А некаторыя — моднікі. Яны кайфова апранаюцца, слухаюць еўрапейскую музыку, сядзяць у інтэрнэце. Але яны ўнутры несвабодныя, хоць і нарадзіліся ў новым свеце. А мы няхай 5-10 гадоў пажылі ў перыяд уздыму, але адчулі гэты дух. Цяперашняе пакаленне мае больш магчымасцяў добра запісваць альбомы, набываць крутыя інструменты, піярыць сябе. А ў нас у 1990-я гады нічога не было. Мы шукалі сябе, сутыкаліся з перашкодамі, але выжылі... Саўндтрэк Беларусі можна падзяліць на тры часткі: меладычную, драм-энд-бэйс і металічную. Але гэта нейкі авангард. І я на дадзены момант у ім жыву.

Еўрарадыё: 20 сакавіка ў клубе Re:Public адбудзецца "Фэст вясновага раўнадзенства", у межах якога вы адзначыце сваё 20-годдзе. Чым будзе адметны канцэрт?

Алесь Таболіч: У першай частцы свайго выступу мы пакажам новы матэрыял, у другой сыграем хіты. На канцэрце акрамя нас сыграюць нашы сябры са студэнцкага этнаграфічнага таварыства гурт "Рутвіца", выступяць фолк-металічныя гурты Folсorе, Omut, Alfar і Trollwald (ex LitvinTroll). На наш юбілей усе яны робяць невялікі падарунак: хтосьці сыграе каверы на "Зніч", а хтосьці з намі "заджэмуе". Таксама на канцэрт будуць запрошаныя ўсе былыя ўдзельнікі гурта Зніч".

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі