Вы тут

Алесь Дзянісаў: Участковы напужаў маю дачку пытаннямі пра перапост у "ВКонтакте"

Фота: baj.by

Алесь Дзянісаў, вакаліст гродзенскага гурта Dzieciuki, распавёў Еўрарадыё, што на яго завялі справу за перапост у сацсетцы "ВКонтакте". На днях Алесю пазваніў чалавек, які прадставіўся ўчастковым, і запрасіў на допыт:

"Учора мне пазваніў нейкі супрацоўнік гродзенскай міліцыі. Ён назваўся, але я быў на футболе, і ўвогуле сувязь была дрэннай, таму я не пачуў яго імя і прозвішча. Ён сказаў, што на мяне нібыта заведзена нейкая справа, аднак адміністратыўная ці крымінальная, я таксама не ведаю. Сказаў, што вызывае мяне на допыт, але я адмовіўся, саслаўшыся на тое, каб ён прысылаў афіцыйнае запрашэнне".

Да гэтага званка нехта ўжо тэлефанаваў Алесю дамоў, калі той быў на канцэрце ў Польшчы. Слухаўку ўзяла яго непаўнагадовая дачка. Пасля чаго, па словах Алеся, яе незаконна дапыталі, праз што дзяўчынка дужа спужалася.

Алесь Дзянісаў напісаў скаргу на незаконныя дзеянні міліцыі ў пракуратуру:

"Чалавек, які прадставіўся ўчастковым, не называў свае прозвішча і званне, стаў задаваць пытанні маёй дачцэ пра тое, дзе я знаходжуся. Пасля гэтага паведаміў ёй, што ў дачыненні да мяне быццам бы распачата крымінальная справа за нейкі перапост у "ВКонтакте". Допыт маёй непаўналетняй дачкі — а інакш я назваць гэта не магу — працягваўся каля 10 хвілін. Чалавек, які з ёй размаўляў па тэлефоне, паводзіў сябе груба, бесцырымонна, напалохаў яе. Ён не меў права весці допыт і выпытваць інфармацыю па тэлефоне ў маёй непаўнагадовай дачкі".

Еўрарадыё не здолела датэлефанавацца на працоўны нумар Іллі Каяча, які на сайце гродзенскай міліцыі пазначаны як участковы інспектар раёна, дзе жыве Алесь Дзянісаў.

Гурту Dzieciuki, у якім грае Алесь Дзянісаў, вельмі рэдка можа выступіць у Беларусі. Улады ўвесь час забараняюць яго канцэрты з нагоды “нізкага мастацкага ўзроўню”.

Таксама Алесю не даюць выступаць сольна і пераследуюць за супрацу з тэлеканалам "Белсат". У ліпені ў яго дома прайшлі ператрусы. Тады яму паведамілі, што ў дачыненні да яго “праводзіцца праверка ў межах Крымінальнага кодэкса”.