Вы тут

Лідар гурта Dzieciuki аштрафаваны "за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў"

Алесь Дзянісаў, фота: facebook.com

У пятніцу, 2 лістапада, суд Кастрычніцкага раёна горада Гродна прызнаў вінаватым лідара гурта Dzieciuki Алеся Дзянісава ў распаўсюджванні інфармацыі з экстрэмісцкага інтэрнэт-пабліка (ч. 2 арт. 17.11 КаАП). Суддзя Валерый Шпак вынес музыканту штраф у 25 базавых велічынь (612,5 рубля). Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Да адміністрацыйнай справы прывяло тое, што лідар Dzieciuki зрабіў репост са старонкі анархістаў у сацыяльнай сетцы "Укантакце". Потым яна была заблакаваная. Праверыць, ці сапраўды быў гэты репост, немагчыма.

Раней Еўрарадыё паведамляла, што позваў у суд Алесь Дзянісаў не атрымліваў. Невядомыя, прадстаўляючыся міліцыянтамі, тэлефанавалі музыканту на хатні нумар. Аднойчы адзін з такіх суразмоўцаў наткнуўся на непаўнагадовую дачку Алеся Дзянісава і пачаў ёй расказваць пра справу ў дачыненні да бацькі. Дзяўчынку моцна напалохалі.