Вы тут

Справа Алеся Дзянісава: як суддзі тролілі ідэолага за забарону канцэрта

Фота: stv.by

Кіраўнік TuzinFM і канцэртны арганізатар Сяргей Будкін прайграў касацыйны суд супраць галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінгарвыканкама. Нагадаем, чыноўнікі адмовіліся даць дазвол на сольны канцэрт лідара гурта Dzieciuki Алеся Дзянісава, патлумачыўшы гэта рашэннем мастацкага савета пры Мінгарвыканкаме пра "нізкі мастацкі ўзровень выканання выканаўцы". Першае судовае пасяджэнне прайшло ў жніўні, тады суддзя Аліна Драбудзька палічыла, што сталічныя ідэолагі далі абгрунтаваную адмову і больш нічога тлумачыць не абавязаныя.

Абскарджанне прайшло 20 верасня. Заяўнік пры падтрымцы юрыста Сяргея Зікрацкага ціснуў на тое, што сам факт існавання мастацкіх саветаў парушае Канстытуцыю і права кожнага грамадзяніна на выказванне ўласнай пазіцыі (што тычыцца ў тым ліку і творчасці), а таксама на атрыманне інфармацыі (што тычыцца і наведвання выступаў любімых музыкаў). Па словах заяўнікаў, калі па нейкіх прычынах закрыць вочы на парушэнне Канстытуцыі, то і сам Кодэкс аб культуры, на які абапіраліся чыноўнікі падчас прыняцця рашэння, таксама быў парушаны.

“Паводле закона, не даць дазвол на выступ музыкі можна пасля заключэння экспертнай камісіі, — звярнуўся да суда юрыст Сяргей Зікрацкі. — Але той дакумент, які быў дадзены прадстаўнікамі дзяржаўнай установы ў судзе першай інстанцыі, не з’яўляецца заключэннем. Гэта пратакол пасяджэння камісіі. Пратакол — гэта не заключэнне. А адпаведна, на падставе пратакола нельга было вырашаць адмовіць правесці мерапрыемства”.

Пад сумнеў чарговы раз быў пастаўлены сам факт праслухоўвання мастацкім саветам песень з альбома "Кароткая гісторыя Беларусі", які і збіраўся прэзентаваць Алесь Дзянісаў. Сярод прыкладзеных дакументаў было прадастаўленае гастрольнае пасведчанне на сольны канцэрт Алеся Дзянісава ў 2015 годзе. Суддзя нават перапытала адказчыка, як такое магло здарыцца, што раптам мастацкі ўзровень выканання музыкі за два гады з нармальнага стаў нізкім. У пэўны момант нават падалося, што суд цалкам заняў пазіцыю заяўніка. Прамову намесніка старшыні галоўнага ўпраўлення ідэалогіі Мінгарвыканкама, а таксама сакратара мастацкага савета Аляксандра Шастакова, які прадстаўляў адказчыка ў судзе, засыпалі пытаннямі, перапынялі, папраўлялі… Судзі нават дазвалялі сабе ўсмешкі і перашэптванні падчас яго выступу. А напрыканцы пасяджэння дык і ўвогуле прымусілі чыноўніка пахвалявацца.

Суд: А што значыць “нізкі мастацкі ўзровень”? Бо, дазвольце такую рэмарку, я таксама не на ўсе канцэрты хаджу і не ўсе песні на гэтых канцэртах мне падабаюцца… Наколькі я бачу па складзе камісіі, людзей, якія спяваюць, то бок выканаўцаў сярод іх няма. Але вы ж кажаце пра мастацкі ўзровень! Калі чалавек не спецыяліст у гэтай галіне, то як ён можа ацаніць?

Аляксандр Шастакоў: У артыкуле 214 Кодэкса аб культуры…

Суд: Ды не трэба кодэкс! Мы рыхтаваліся да справы, і прачыталі яго з алоўкам! Я хачу, каб вы мне адказалі, як могуць прымаць рашэнне пра нізкі мастацкі ўзровень выканання людзі, якія не спецыялісты ў гэтай галіне?

Аляксандр Шастакоў: Паводле Кодэкса, у склад мастацкай камісіі ўваходзяць творчыя работнікі, прадстаўнікі дзяржаўнага кіравання і іншых юрыдычных асоб…

Суд: Назавіце творчых работнікаў у гэтым складзе, якія менавіта з гэтай галіны!

Аляксандр Шастакоў каля хвіліны шукае пратакол пасяджэння камісіі, каб узгадаць імёны тых, хто ў яе ўваходзіць. А потым чытае: Радыёнава Алена Анатольеўна — мастацкі кіраўнік дзяржаўнай установы “Мінскканцэрт”. Творчы работнік жа! Ці вы са мной не згодныя.

І так працягвалася яшчэ каля 10 хвілін. Аляксандр Шастакоў блытаўся ў словах, спрабаваў называць нумары артыкулаў Кодэкса аб культуры, спасылацца на іншыя законы, але на просьбу агучыць прычыны, па якіх, на яго погляд, у Алеся Дзянісава нізкі мастацкі ўзровень, так і не здолеў.

На перапынак заяўнікі сыходзілі ў выдатным настроі, бо пасля такога дыялогу паміж суддзёй і чыноўнікам вынікі пасяджэння падаваліся відавочным. Але ўжо праз пяць хвілін было сказана: “Апеляцыйная інстанцыя эканамічнага суда горада Мінска пастанавіла: апеляцыйную скаргу ІП Будкіна пакінуць без задавальнення!”.

“Мне падалося, што суддзя ўсё зразумела, — каментуе Сяргей Будкін. — Але пры гэтым суд зноў стаў на бок ідэолагаў. Натуральна, што абскарджваць рашэнне адной дзяржаўнай структуры ў другой дзяржаўнай структуры — утапічна. Але, дзякуючы працэсу, хаця б стала зразумела, што чалавек кажа няпраўду, і гэта вельмі сумна”.

Цяпер Сяргей Будкін збірае грошы на адваката і судовыя выдаткі на краўдфаўндынгавай платформе Talaka.by. У залежнасці ад вынікаў праекта, будзе прымацца рашэнне, ці падаваць скаргу ў Вярхоўны суд, а пасля і ў суд ААН, каб прызнаць гэту справу палітычнай.