Пракурор просіць асудзіць экс-памочніка Лукашэнкі на 12 гадоў

Ігар Брыло

Ігар Брыло / mshp.gov.by

Да завяршэння набліжаецца суд па "справе малочнікаў". Па ёй жа судзяць і былога міністра сельскай гаспадаркі (2022-2023) і памочніка Лукашэнкі па Віцебскай вобласці (2023) Ігара Брыло. Пракуратура просіць для яго 12 гадоў пазбаўлення волі, даведалася "Наша Ніва".

"Справа малочнікаў" пачалася ў лістападзе 2023‑га з арышту Ігара Брыло. Неўзабаве пасля таго была затрыманая амаль уся сям'я кіраўніка "Бабулінай крынкі" Генадзя Скітава, а таксама менеджмент малочнага холдынга.

Паведамлялася, што Скітавы пры спрыянні Брыло арганізавалі на дзяржаўнай "Бабулінай крынцы" сістэму, пры якой штучна ўтваралася затаваранасць складоў. У выніку прадукцыю адпускалі па ніжэйшай цане — для разгрузкі складоў. Потым малако разам з іншай прадукцыяй па дэмпінгавых цэнах пастаўлялі фірмам-пасярэднікам, а тыя прадавалі тавар у Расіі па рэальнай цане. Розніца дзялілася паміж удзельнікамі схемы.

Брыло актыўна супрацоўнічаў са следствам, а Скітаў адмовіўся даваць паказанні. Суд па "справе малочнікаў" пачаўся ў верасні 2025‑га.  

Як піша "Наша Ніва", Генадзю Скітаву пракуратура просіць 13 гадоў зняволення. Такім жа тэрмінам яму пагражала следства, калі ён не прызнае віну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.