Статкевіч прапануе лозунг для аб'яднання большасці беларусаў

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

"За нейтральную бяз'ядзерную Беларусь!" — такой на думку Мікалая Статкевіча можа быць сёння праграма, здольная аб'яднаць большасць беларусаў.

Палітык адзначае небяспеку, якую нясе размяшчэнне расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Ён згадвае, што ў раёне Асіповічаў ужо размешчаныя ракетныя комплексы "Іскандэр", здольныя несці ядзерныя боегалоўкі.

"Зараз на нашай тэрыторыі размяшчаюць мадыфікаваную міжкантынентальную балістычную ракету "Ярс", якая, пасля памяншэння ўдвая яе дальнасці, атрымала назву "Арэшнік". Але галоўнае — у раёне Крычава будуецца сховішча для ядзерных боегаловак, хутчэй за ўсё, для "Арэшнікаў", "Іскандэраў" і тактычных  ядзерных авіябомбаў. Справа ў тым, што ў расійскай арміі, а раней — у савецкай, ядзерныя боегалоўкі захоўваліся не побач з іх носьбітамі, як у NATO, а ў адмысловых сховішчах — вельмі дарагіх умацаваных збудаваннях, дзе падтрымліваюцца пастаянныя тэмпература, ціск, вільготнасць. У пагражальны перыяд ці падчас рэгулярных трэніровак боегалоўкі аўтакалонамі вывозяцца са сховішча да носьбітаў (сродкаў дастаўкі)", — піша Статкевіч у сваім тг-канале.

На яго думку, арганізаваная супрацьпаветраная абарона такога аб'екта сведчыць, што Масква плануе размясціць у Беларусі вялікую колькасць ядзерных боегаловак. Паводле Статкевіча, Крэмль рыхтуе ўдар ядзернай зброяй па еўрапейскіх краінах з Беларусі. Удар у адказ таксама прыпадзе на тэрыторыю Беларусі

"Надыходзіць час, калі лозунг "За нейтральную бяз'ядзерную Беларусь!" робіцца праграмай нацыянальнага выжывання, здольнай аб'яднаць большасць беларусаў, незалежна ад іх поглядаў і месца жыхарства", — канстатуе палітык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.