Стаў вядомы прысуд беларусу, які ваяваў на баку Расіі
Максім Зязюльчык у шпіталі
Максіму Зязюльчыку, які ваяваў ва Украіне за расійскіх акупантаў, прысудзілі ў Беларусі сем гадоў узмоцненага рэжыму. Пра гэта стала вядома з відэазвароту яго маці Алы Рысявец, які яна запісала для Аляксандра Лукашэнкі.
Жанчына спрабуе дамагчыся для сына магчымасці падаць прашэнне аб памілаванні, заўважыў тг-канал "Витебск, я гуляю". Яна кажа, быццам у калоніі Зязюльчыка штучна зрабілі "злосным парушальнікам", пазбавілі часткі належных умоў утрымання, а за спробы накіраваць хадайніцтва на імя Лукашэнкі адпраўлялі ў ШІЗА.
Ала Рысявец кажа, што яе сын ваяваў на баку Расіі, быў узнагароджаны медалём "За адвагу", прадстаўлены да ордэна мужнасці і "выратаваў і навучыў на тэрыторыі СВА шмат хлопцаў".
Максім Зязюльчык ваяваў у складзе ПВК "Рэдут" і трапіў у палон да ўкраінцаў 19 верасня 2022 года. 8 лютага 2024 года яго перадалі Расіі, а ўвосень 2024-га затрымалі пры перасячэнні мяжы Расіі і Беларусі. Працэс над ім адбыўся 8 жніўня 2025 года ў Магілёўскім абласным судзе. Зязюльчыка вінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе, працэс быў закрыты.