Украінскія дронавыя атакі паралізавалі 40% нафтавых паставак Расіі
Нафта, ілюстрацыйнае фота / kommersant.ru
Украінскія дронавыя атакі і затрыманні танкераў "ценявога флоту" РФ паралізавалі 40% магчымасцяў расійскага нафтавага экспарту. Як падлічыла інфармагенцтва Reuters, часова немагчымыя пастаўкі за мяжу 2 млн барэляў у суткі.
Цэны на нафту ў выніку вайны ЗША і Ізраіля супраць Ірана перавысілі 100 долараў за барэль. Тым часам Расія вымушаная сур'ёзна абмежаваць свой экспарт.
Адгрузкі нафты перапыніліся пасля нападаў украінскіх БПЛА ў сакавіку 2026 года на экспартныя парты ў Балтыйскім моры (у Прыморску і Усць-Лузе). У Наварасійску, экспартным порце РФ на Чорным моры, адгрузка ажыццяўляецца ніжэй планавага ўзроўню, піша DW.
Уплывае на сітуацыю і пашкоджанне нафтаправода" Дружба". У студзені нафтаправод быў пашкоджаны расійскімі ўдарамі, таму транзіт па ім прыпынены.
Як адзначаюць у Reuters, без перабояў расійская нафта пастаўляецца ў Кітай (каля 1,9 млн барэляў у суткі) і Беларусь (300 тысяч барэляў). Акрамя таго, пастаўкі адбываюцца з праектаў "Сахалін-1" і "Сахалін-2" (250 тысяч барэляў).