Дрон, які разбіўся ў Літве, быў украінскім — прэм'ер-міністр

Інга Ругінене

Інга Ругінене / 15min.lt

Дрон, які разбіўся ў панядзелак каля беларуска-літоўскай мяжы, быў украінскім і прызначаўся для атакі на цэль у Расіі. Пра гэта 24 сакавіка заявіла прэм'ер-міністарка Літвы Інга Ругінене.

"Беспілотнік, які перасякаў нашу паветраную прастору і заляцеў у Варэнскі раён, быў украінскім дронам, і ён звязаны з аперацыяй, якую ўкраінцы праводзілі той ноччу, накіраванай супраць Расіі",перадае LRT словы кіраўніцы ўрада пасля пасяджэння Камісіі па нацыянальнай бяспецы.

Перад гэтым міністр абароны Літвы Робертас Каўнас паведаміў, што дрон з вялікай верагоднасцю быў украінскім і мог збіцца з курсу праз уздзеянне сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Паводле міністра, беспілотнік хутчэй за ўсё быў прызначаны для атакі на порт Прыморск на паўночным захадзе Расіі.

"Хачу адзначыць, што ні Беларусь не ўбачыла, ні Літва, на жаль, не ўбачыла, паколькі дрон ляцеў ніжэй, чым відаць — на вышыні 300 метраў. Службы яшчэ высвятляюць гэты момант", — дадаў ён.

Міністр абароны паведаміў, што радары, неабходныя для выяўлення нізкалётных дронаў, ужо замоўленыя, аднак яшчэ не дастаўленыя ў Літву. Іх пастаўка чакаецца ў 2026-2028 гадах.

Пракуратура Літвы заявіла, што будзе расследаваць інцыдэнт у Варэнскім раёне як адзін з магчымых эпізодаў ваенных злачынстваў Расіі ў вайне супраць Украіны.

Пра выбух дрона ў Варэнскім раёне Літвы стала вядома ў панядзелак, 23 сакавіка. Інцыдэнт адбыўся ўначы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.