Праз закрытае неба над Расіяй 50 самалётаў розных авіякампаній сёлета садзіліся ў Мінску
Нацыянальны аэрапорт Мінск / 34travel.me
З пачатку года Мінск выкарыстоўвалі ў якасці запаснога аэрадрома 50 самалётаў розных замежных авіякампаній. Прычынай было закрытае праз налёт украінскіх дронаў неба над Расіяй, пішуць беларускія медыя са спасылкай на генеральнага дырэктара Нацыянальнага аэрапорта Мінск Уладзіміра Чарэухіна.
Калі расійскія аэрапорты зачыняюцца, Мінск прымае тры-чатыры замежныя самалёты. Максімальная колькасць самалётаў, якія давялося прыняць за адну ноч, — сем.
Часцей за ўсё ў Мінску садзіліся самалёты турэцкіх і егіпецкіх авіякампаній. На гэтым тыдні сталічны аэрапорт у якасці запаснога аэрадрома ўпершыню выкарыстаў кітайскі борт — самалёт авіякампаніі Air China сеў у Мінску, а пасля дазапраўкі паляцеў у Маскву.