Расійскі дрон пад Лоевам зваліўся на прыватны гарод
Дрон, ілюстрацыйнае фота / iStock/Olena Bartienieva
Увечары 25 сакавіка ў раёне Брагіна кружыў невядомы лятальны апарат. У выніку ў памежных раёнах Украіны абвясцілі паветраную трывогу. Звесткі пра пагрозу з'явіліся на ўкраінскіх маніторынгавых каналах а сёмай гадзіне вечара.
Пазней выявілася, што гэта быў не расійскі дрон, а беларускі верталёт Мі-24, які вёў патруляванне ўздоўж мяжы, піша выданне "Флагшток".
А напярэдадні ў адной з вёсак на поўдзень ад Лоева, каля мяжы з Украінай, расійскі дрон упаў на гарод мясцовага жыхара. Паведамляецца, што выбуху пры гэтым не было. Спецыяльныя службы вывезлі беспілотнік. Дакладнае месца і час пакуль не ўстаноўленыя.
Таксама "Флагшток" адзначае, што пры масіраванай расійскай атацы па Украіне 24 сакавіка некалькі расійскіх дронаў выкарыстоўвалі паветраную прастору Беларусі. Адзін з іх праходзіў праз тэрыторыю Брагінскага раёна, а другі — Добрушскага. У гэты ж дзень мяжу патруляваў беларускі самалёт Су-30.