У Латвію заляцелі дроны з боку Беларусі і Расіі
Дроны, ілюстрацыйнае фота / futurezone.at
У ноч на 25 сакавіка ў паветраную прастору Латвіі з боку Расіі заляцеў дрон і выбухнуў у Краслаўскім раёне. Як удакладняе DELFI, беспілотнік выбухнуў сам, а не ў выніку збіцця.
На месцы здарэння знаходзяцца падраздзяленні Нацыянальных узброеных сіл, Дзяржаўнай паліцыі і Дзяржаўнай памежнай службы. Яны выявілі абломкі беспілотніка. Ахвяраў сярод грамадзянскага насельніцтва няма, грамадзянскай інфраструктуры шкода не нанесеная.
Другі дрон, як паведаміў прадстаўнік Узброеных сілаў Латвіі брыгадны генерал Эгілс Ляшчынскіс, заляцеў у паветраную прастору Латвіі з боку Беларусі. Гэта адбылося каля паўночы. Ён зрабіў паварот і паляцеў у бок Расіі.
Паводле Ляшчынскіса, абодва дроны адхіліліся ад курсу ці змянілі сваю пачатковую траекторыю пад уздзеяннем сродкаў электрамагнітнай барацьбы.
Дарэчы, у Эстонію ўначы таксама заляцеў дрон з боку Расіі. Ён урэзаўся ў комін Аўверэскай электрастанцыі.