Літва забыла своечасова падоўжыць санкцыі супраць 117 лукашэнкаўскіх чыноўнікаў

На мяжы з Літвой, ілюстрацыйнае фота

На мяжы з Літвой, ілюстрацыйнае фота / delfi.lt

Часовую магчымасць законнага ўезду ў Літву атрымалі 117 чыноўнікаў лукашэнкаўскага рэжыму, унесеных у "чорны спіс". Яны былі пад санкцыямі з 2021 года за ўдзел у рэпрэсіях, фальсіфікацыі вынікаў выбараў, арганізацыі гвалту супраць мірных пратэстоўцаў. Забарона на ўезд у Літву для іх дзейнічала да 24 сакавіка.

Аднак санкцыі не паспелі своечасова падоўжыць, піша LRT. У Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы кажуць, што просьбу аб падаўжэнні санкцый атрымалі ад Міністэрства замежных спраў у сераду ўдзень, калі тэрмін іх дзеяння ўжо скончыўся.

"Не варта думаць, што кожны чалавек зможа адразу сюды прыехаць. Хутчэй за ўсё, іншыя краіны таксама ўжылі падобныя санкцыі, таму трэба разглядаць кожны выпадак індывідуальна. Тэарэтычная (магчымасць. — Рэд.) ёсць, але практычнай няма", — супакойвае міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч.

Кіраўнік МЗС Кястуціс Будрыс кажа, што падпісаў прапанову пра 117 чыноўнікаў у сераду, 25 сакавіка, бо менавіта тады былі падрыхтаваныя неабходныя дакументы. "Я не ведаю гэтых бюракратычных тэхнічных дэталяў, не магу пракаментаваць, трэба, каб паглядзеў той, хто сядзіць за бюракратычнай машынай. Я падпісаў разам з усім патокам дакументаў", — заявіў ён у каментары журналістам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.