Пасланнік Трампа расказаў, як піў гарэлку з Лукашэнкам
Джон Коўл і Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл расказаў неафіцыйныя дэталі перамоваў з Лукашэнкам. За тыдзень да свайго апошняга візіту ў Мінск ён выступіў у Інстытуце Маккейна, дзе маляўніча апісаў, як менавіта адміністрацыя Дональда Трампа вядзе справы з афіцыйным Мінскам, заўважыла выданне "Зеркало".
Коўл згадаў сваю першую паездку ў Мінск у лютым 2025-га. Ён паведаміў, што Лукашэнка любіць пагаварыць і цэніць нецэнзурную лексіку.
"Ён пачынае скардзіцца на еўрапейцаў... Гэта прагучыць груба, і я прашу прабачэння за лексіку, але я сказаў яму: "Так, яны купка сцыкуноў" (арыгінал: "Yeah, they're a bunch of pussies"). І з гэтага моманту ён быў у мяне ў кішэні. Ён любіць лаяцца матам, таму ты лаешся ў адказ. І мы выдатна зладзілі. Мы праседзелі пяць гадзін, і ён усё гаварыў".
Падчас абеду, кажа Коўл, гучалі бясконцыя тосты, калі трэба было выпіваць. Некаторым прадстаўнікам ЗША давялося выпіць усе восем тостаў, а сам ён напівацца не хацеў: "Я навучыўся рабіць так: сачыў за вачыма Лукашэнкі, пакуль ён азіраўся кампанію, і калі ён на мяне не глядзеў, я проста выліваў гарэлку на падлогу. У выніку я выпіў толькі дзве чаркі, чаго было больш чым дастаткова".
У той раз, згадвае Коўл, ён выцягнуў з-за кратаў 14 чалавек.
Спецпрадстаўнік Трампа паведаміў, што падчас перамоваў ён абмяркоўвае не толькі вызваленне палітвязняў, але і рэгіянальныя праблемы — канфлікты афіцыйнага Мінска з Вільняй і Варшавай.
Таксама Коўл паведаміў, што прасіў прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў знізіць градус крытыкі, каб не сарваць далейшыя перамовы:
"Я знаходжуся ва ўдалым становішчы, бо мае стасункі з Лукашэнкам працуюць. І цяпер я шмат маю зносіны з апазіцыяй. Але я кажу ім адну рэч: "Слухайце, вы хочаце выходзіць, крычаць і абурацца — я ўсё разумею. Вы хочаце расказаць, які ён дрэнны. Але трымайце гэта на пэўным узроўні, таму што ў нас там засталося яшчэ 800-900 чалавек, і калі вы яго занадта раззлуеце, усё разваліцца". Я на сувязі з імі, у нас добрыя адносіны, яны гэта разумеюць".