Падлетак, які напісаў "Вільня наша", размаўляў па-літоўску без акцэнту
Правакацыйныя надпісы ў Вільні / калаж Delfi
14-гадовы падлетак, які напісаў у цэнтры літоўскай сталіцы "Вільня наша", пры затрыманні размаўляў без акцэнту. Пра гэта расказаў мужчына, які дапамог затрымаць яго, піша літоўскае выданне LRT.
Здарэнне адбылося зранку 25 сакавіка. Паўлюс кажа, што звярнуў увагу, як чалавек у чорнай вопратцы з капюшонам нешта фатаграфуе. Ён угледзеў, што гэта надпіс кірыліцай. Мужчына кажа, што чуў раней ад літоўскіх праваахоўнікаў, што такія надпісы робяць з ініцыятывы расійскіх і беларускіх спецслужбаў.
"Я спытаў: што вы тут робіце?" Ён паглядзеў на мяне, зразумеў, што яго злавілі, і пачаў уцякаць", — расказвае Паўлюс. Ён пачаў пераследаваць уцекача. На праспекце Гедыміна мужчына клікнуў на дапамогу іншых мінакоў. Калі ўцякач спатыкнуўся, Паўлюс прыціснуў яго да зямлі.
Падлетак сказаў, што яму толькі 14 гадоў, расплакаўся і пачаў прасіць прабачэння. "Ён сказаў, што не хацеў нічога маляваць, што зрабіў гэта таму, што яму пагражалі, што, калі ён не намалюе гэтыя словы і не сфатаграфуе, яго дом спаляць", — паведаміў Паўлюс.
Ён падкрэсліў, што падлетак размаўляў па-літоўску без акцэнту.