Парадуемся толькі пасля перасячэння мяжы грузавікамі — дарадца прэм'ера Літвы

Інга Ругінене, Ігнас Альгірдас Дабравольскас 

Інга Ругінене, Ігнас Альгірдас Дабравольскас  / BNS

Не варта загадзя радавацца, пакуль няма звестак, што затрыманыя літоўскія фуры перасякаюць мяжу. Так дарадца прэм'ера Літвы Ігнас Альгірдас Дабравольскас пракаментаваў паведамленне, што Лукашэнка дазволіў выезд літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў.

"Пакуль мы нічога не можам сказаць, бо па факце нашы затрыманыя грузавікі яшчэ не знаходзяцца на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі. Каментаваць шырэй або радавацца можна будзе толькі ў тым выпадку, калі грузавікі перасякуць беларуска-літоўскую мяжу і апынуцца ў нас", — перадае LRT яго словы.

Дабравольскас скептычна ацаніў абяцанні беларускага боку: "Мы чулі гэтую рыторыку і ў канцы мінулага тыдня, бачым, што кажуць сёння раніцай, але давайце дачакаемся фактаў".

Таксама ён дадаў, што канкрэтныя крокі ўрада па дапамозе бізнэсу стануць зразумелыя толькі пасля таго, як літоўскаму грузавому транспарту дазволяць вярнуцца ў краіну.

На мінулым тыдні з літоўскімі і польскімі перавозчыкамі сустракаўся прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. А ў Лукашэнкі адбыліся перамовы са спецпрадстаўніком ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Пасля гэтага кіраўніцтва Беларусі заявіла пра гатоўнасць пасля аплаты выпусціць фуры з літоўскімі нумарамі, якія чатыры месяцы стаялі на спецстаянках. Мытны камітэт заявіў, што пакінуць Беларусь змогуць больш за 1900 грузавікоў і паўпрычэпаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.