Лукашэнка дазволіў выехаць затрыманым фурам з літоўскімі нумарамі

Фуры, ілюстрацыйнае фота

Фуры, ілюстрацыйнае фота

Лукашэнка дазволіў выехаць з Беларусі фурам з літоўскімі рэгістрацыйнымі нумарамі. Гэта адбылося пасля перамоваў са спецпрадстаўніком ЗША па Беларусі Джонам Коўлам, які прайшлі на мінулым тыдні.

Затрыманыя фуры знаходзяцца ў Беларусі з канца кастрычніка 2025 года. У Мытным камітэце Беларусі затрымку грузавікоў патлумачылі "недружалюбнымі дзеяннямі літоўскага боку па закрыцці пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы". Тады Літва закрывала мяжу пасля масавых запускаў з Беларусі метэазондаў, якія перапынялі працу Віленскага аэрапорта.

Паводле інфармацыі беларускага боку, цяпер на спецыяльных стаянках размяшчаюцца больш за 1900 транспартных сродкаў, у тым ліку цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў.

У Мытным камітэце растлумачылі парадак іх выезду: "Транспартныя сродкі на літоўскай рэгістрацыі змогуць пакідаць тэрыторыю Беларусі праз літоўскі кірунак у адпаведнасці з заканадаўствам. Літоўскія транспартныя сродкі, якія фактычна належаць польскім перавозчыкам, змогуць выязджаць у тым ліку і праз польскі кірунак, дзе сумежны бок працуе больш актыўна".

Выехаць транспарт можа пасля аплаты за стаянку. Пры гэтым у Мытным камітэце падкрэсліваюць, што плата "цяпер у разы ніжэй за вызначаную раней". Нагадаем, што раней Лукашэнка агучваў расцэнкі ў 120 еўра з машыны за дзень.

Прапанову літоўскаму боку па павелічэнні пропуску грузавікоў беларускія мытнікі накіравалі 23 сакавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.