Літва не плануе змякчаць санкцыі супраць Беларусі
Гітанас Наўседа
Літва не плануе здымаць санкцыі супраць Беларусі. Гэта вынікае з каментара прэзідэнта краіны Гітанаса Наўседы пасля вызвалення беларускіх палітвязняў у абмен на зняцце санкцый ЗША.
"Злучаныя Штаты сапраўды могуць праводзіць сваю палітыку ў дачыненні да Расіі і Беларусі, аднак палітыка ЕС гранічна ясная і заснаваная на прынцыпе, што абедзве дзяржавы — як Расія, так і яе блізкі саюзнік Беларусь — нясуць адказнасць за тое, што адбываецца ва Украіне", — перадае LRT словы літоўскага прэзідэнта.
Ён нагадаў, што зусім нядаўна санкцыі ЕС супраць афіцыйнага Мінска былі падоўжаныя яшчэ на 12 месяцаў. "На працягу гэтага тэрміну няма ні магчымасці, ні палітычнага жадання вяртацца да перагляду санкцый. Такім чынам, скасаванне санкцый ЗША — гэта адно, між тым санкцыйная палітыка ЕС — гэта іншы шлях", — дадаў Наўседа.
19 сакавіка па выніках беларуска-амерыканскіх перамоваў былі вызваленыя 250 палітвязняў, 15 з якіх былі прымусова высланыя ў Літву. У абмен на вызваленне зняволеных ЗША канчаткова знялі санкцыі з "Беларуськалія", а таксама з "Белінвестбанка", Банка развіцця і Міністэрства фінансаў Беларусі.
Наўседа заявіў, што гэтая методыка не дазваляе паставіць рэжым Лукашэнкі на месца: "Праблема ў тым, што такім чынам мы ствараем заганны механізм матывацыі для Лукашэнкі — ператвараць гэты працэс у пастаянны абарот: адных зняволеных адпускаць, іншых саджаць, а затым чакаць новых саступак падчас наступнага візіту прадстаўнікоў ЗША".
Пры гэтым ён падкрэсліў, што Літва заўсёды падтрымлівае вызваленне людзей, "бо гэта правільна з гуманітарнага пункту гледжання".