За "палітыку" асудзілі капітана жаночай зборнай па рэгбі
Марыя Шакура / фота з яе сацсетак
35-гадовую рэгбістку Марыю Шакура асудзілі на "хатнюю хімію" паводле палітычнага артыкула. Разглядам яе справы займаўся Мінскі гарадскі суд.
Як піша "Наша Ніва", Шакура судзілі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэкса). Апошнім часам гэты артыкул ужываюць да людзей, затрыманых па "справе Гаюна". Аднак дакладна невядома, у чым менавіта вінавацілі спартоўку.
Марыя Шакура — вядомая рэгбістка, яна была капітанам зборнай Беларусі. Была бронзавай прызёркай чэмпіянату Еўропы па пляжным рэгбі ў 2017 годзе.
Адначасова яна працавала на мэблевай вытворчасці.
У 2020‑м спартоўка была арыштаваная на 10 сутак, але потым яе не чапалі. Калі на Марыю завялі крымінальную справу і ці сядзела яна ў СІЗА — невядома.