Вы тут

Як чыноўнікі забаранілі канцэрт, а вядомага паэта прызналі нізкаякасным

Кадр з кліпа гурта "Дрозды" - "Не танцую!"

Сталі вядомыя прозвішчы людзей, якія ўваходзяць у мастацкі савет пры Мінгарвыканкаме. Яны забаранілі выступ гродзенскага музыкі Алеся Дзянісава, які планаваў прэзентаваць у Мінску свой сольны праект на вершы паэта Алеся Чобата. Усяго ў групу цэнзараў уваходзіць сем чалавек: кіраўнік шоу-балета “Феерыя”, кіраўнікі дзяржаўнай установы “Мінскканцэрт”, “Тэатра эстрады” і “Моладзевага тэатра” ды тры чыноўнікі Мінгарвыканкама.

“Рэкамендаваць Галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама адмовіць у выдачы пасведчання на арганізацыю канцэртна-відовішчнага мерапрыемства — канцэрта Алеся Дзянісава у сувязі з нізкім мастацкім узроўнем выканання выканаўцы”, — напісана ў рашэнні мастацкага савета па выніках вывучэння творчасці лідара Dzieciuki.

Гэты дакумент публікуе Сяргей Будкін, які аспрэчваў рашэнне “сакрэтнага савета” праз суд.

Дык што ж так не спадабалася экспертам у песнях альбома “Кароткая гісторыя Беларусі”, які і збіраўся прэзентаваць лідар “Дзецюкоў”?

Намесніца кіраўніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Вялікая за пяціхвілінную размову так і не ўзгадала, хто такі Алесь Дзянісаў і ці слухала яна яго песні.

“Матэрыялы паступаюць, набіраецца пэўная колькасць, і нам паведамляюць, што трэба склікаць мастацкі савет, — прыадкрывае працэсуальную таямніцу пасяджэнняў Надзея Вялікая. — І вось тады мы збіраемся, вывучаем матэрыялы па кожным, і вырашаем. Але ж я не магу ўсіх памятаць. Вы ведаеце, колькі людзей праходзіць. Што, я толькі пра Алеся вашага думаць мушу? Паразмаўляйце са старшынёй мастацкага савета ці яго намеснікам, калі яны мне скажуць, то я дастану матэрыялы і пракаментую. У мяне, як і ў вас, ёсць кіраўніцтва. Калі яны скажуць пракаментаваць, я пракаментую”.

Еўрарадыё: Пры чым тут кіраўніцтва, нам цікавае ваша меркаванне. Але гледзячы па ўсім, калі кіраўніцтва скажа вам, што гэты музыка нізкага мастацкага ўзроўню, вы з гэтым пагодзіцеся…

Надзея Вялікая: Не! І мяне ў горадзе, напэўна, ведаюць праз тое, што я на ўсё маю ўласнае меркаванне. У мяне за плячыма тэатральная ВНУ. Таму я ведаю, пра што я кажу і ў рэжысуры, і ў майстэрстве, і ў вакале. Тым больш, што ў мяне да гэтага ёсць яшчэ і музычная адукацыя.

Няўжо сапраўды так шмат выканаўцаў праходзіць праз мастацкі савет, што немагчыма ўзгадаць ні іх імёны, ні тое, што не спадабалася ў песнях? Можа, справа ў тым, што песень Алеся Дзянісава спадарыня Надзея Вялікая проста не слухала? У пратаколе пасяджэння савета напісана, што на разгляд былі вынесеныя “рэпертуар і тэксты песень”.

Сяргей Будкін раней паведамляў, што па запыце Мінгарвыканкама ён заносіў ідэолагам выключна тэксты. Але ніякіх аўдыёзапісаў у яго не прасілі, ды і ў пратаколе яны не фігуруюць. А адпаведна, сваё рашэнне мастацкі савет выносіў выключна на падставе рэпертуару (пералік песень, якія плануецца выканаць на канцэрце), ды тэкстаў.

Згодна з пратаколам пасяджэння, сакратар мастацкага савета, а ў вольны час намеснік кіраўніка ўпраўлення ідэалогіі Мінгарвыканкама, Аляксандр Шастакоў, выступіў перад калегамі з дакладам пра творчасць Алеся Дзянісава. Але на пытанне Еўрарадыё пра тое, як праходзіць само пасяджэнне і праслухоўванне аўдыёзапісаў, чыноўнік адказваць адмовіўся.

Аляксандр Шастакоў: Я некампетэнтны ў гэтых пытаннях, можаце звяртацца ў наша галоўнае ўпраўленне па ідэалогіі.

Еўрарадыё: Калі вы былі ў камісіі, то вы можаце сказаць, як гэта адбываецца. Напрыклад, вы сядаеце ў кола і слухаеце выканаўцу…

Аляксандр Шастакоў: Паводле маіх службовых абавязкаў, я некампетэнтны даваць каментарыі.

Еўрарадыё: Добра, ці слухалі вы альбом выканаўцы, ці рашэнне прымалі выключна па тэкстах?

Аляксандр Шастакоў: Натуральна, што слухалі! Крытэрыі ж ёсць. Усё гэта ў кодэксе прапісана. Таму усё слухаецца.

Ну, сакратар мастацкага савета, рыхтуючы прамову пра якасць выканання, мог і сапраўды пашукаць у інтэрнэце альбом “Кароткая гісторыя Беларусі” ды паслухаць яго. А што адкажуць сябры савета, якія не працуюць у Мінгарвыканкаме?

“Пішыце на гэты конт пісьмовы зварот у Мінгарвыканкам”, — пачуўшы тэму размовы, адказвае кіраўнік шоу-балета “ФеерыяАляксей Кісялёў.

Еўрарадыё: Але прычым тут Мінгарвыканкам, нас жа ваша меркаванне цікавіць!

Аляксей Кісялёў: Я цяпер па праграме пытанні вырашаю і не буду вось гэта вось высвятляць. Таму пішыце ў Мінгарвыканкам усё, што вас цікавіць, яны вам усё адкажуць.

Еўрарадыё: Адкажыце хаця б, ці слухалі вы альбом выканаўцы, ці рашэнне прымалі выключна па тэкстах?

Аляксей Кісялёў: Па тэкстах!

Але тэксты да песень альбома “Кароткая гісторыя БеларусіАлеся Дзянісава напісаныя сябрам “Саюза беларускіх пісьменнікаў” і Міжнароднага ПЭН-клуба Алесем Чобатам. То бок балетмайстар, некалькі чыноўнікаў і галоўныя менеджары двух тэатраў палічылі творчасць прызнанага паэта “нізкім мастацкім ўзроўнем”. Што праўда, сам Алесь Чобат на гэты конт не пераймаецца і ўспрымае ўсю сітуацыю з гумарам.

“Ведаеце, гэта як у Маякоўскага “мелкая философия на глубоких местах”, — кажа паэт. — Вось уявіце сабе, як кажуць, мінскую наменклатуру. У іх існуе нейкі свой парадак. Той таго не любіць, той іншага не любіць. І тут раптам увальваецца нейкі Дзянісаў з Гродна з нейкім Чобатам, якіх ніхто ведаць не ведае, і аргументуюць тым, што яны па нейкім інтэрнэце набылі нейкі рэйтынг. І ламаюць усе нашы планы. Ну, якая можа быць рэакцыя? Адмовіць! А што там напісаць… ідэйны змест, не тое выкананне, не той тэмбр голасу ці інструмент не той сістэмы — розніцы няма. У чыноўніка такая работа — забараняць, калі ён не будзе забараняць, то што ж ён за чыноўнік!? Яго ж проста выпруць са службы!”

Старшыня мастацкага савета, кіраўнік ідэалагічнага аддзела Павал Скалабан, якому Еўрарадыё рэгулярна і безвынікова тэлефануе, нечакана зняў мабільны. Але, пачуўшы прывітальныя словы ад Еўрарадыё, хуценька паклаў трубку. Усе астатнія спробы дазваніцца да Паўла Вітальевіча поспеху не прынеслі.