У Печах учыніў самагубства спецназавец тэрміновай службы — СМІ

Спецназ, ілюстрацыйнае фота

Спецназ, ілюстрацыйнае фота / t.me/vitebsk_region_officially/

У вайсковым гарадку Печы пад Барысавам учыніў самагубства салдат тэрміновай службы мінскага спецназу. Трагедыя здарылася ў ноч на 14 сакавіка, піша выданне "Зеркало", спасылаючыся на тры не звязаныя паміж сабой крыніцы.

Паведамляецца, што маладога чалавека звалі Максім, ён родам з вёскі Падкраічы Бярозаўскага раёна Брэстчыны. 20-гадовы хлопец нядаўна закончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі. Там ён вучыўся на аддзяленні сярэдняй спецыяльнай адукацыі і стаў тэхнікам па рамонце паветраных суднаў.

Максім хацеў быць лётчыкам, але пасля восеньскага прызыву яму прапанавалі служыць у спецназе ў Мінску. Гэта значыць, у вайсковай часці 3214, або 3-й асобнай Чырванасцяжнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння. Яна ўваходзіць у структуру ўнутраных войскаў МУС, курыруе яе намеснік міністра ўнутраных спраў і камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў.

Як піша "Зеркало", у Печы Максіма з таварышамі па службе адправілі "на вучэнні". Іншых падрабязнасцяў, як і прычыну суіцыду журналісты даведацца не змаглі. Ёсць звесткі, што юнак скардзіўся сваім сябрам на дзедаўшчыну.

Афіцыйна ні Міністэрства абароны, ні МУС гэты выпадак не каментавалі.

У сакавіку 2026 года Карпянкоў казаў, што ва ўнутраных войсках 20% складаюць салдаты тэрміновай службы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.