Актывіст завяршыў сухую галадоўку ў Вільні, але барацьба за Латыпава працягваецца. Эфір
Свабоду Сцяпану Латыпаву! / Калаж Еўрарадыё
З 26 сакавіка былы палітвязень Аляксандр Андрушкевіч трымаў сухую галадоўку каля амбасады ЗША ў Вільні ў падтрымку палітвязня Сцяпана Латыпава. Сёння раніцай ён спыніў сваю акцыю, бо ў яго перасталі сагравацца ногі.
Беларус выходзіў да амбасады штодня.
Яго патрабаванне — вызваленне Сцяпана Латыпава, які за кратамі ўжо трэці раз спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.
Пасля дамоўленасцей паміж Вашынгтонам і Мінскам на волю выйшлі сотні людзей. Але Латыпаў застаецца ў турме. І гэтая гісторыя становіцца ўсё больш драматычнай.
— Я проста не магу маўчаць і сядзець склаўшы рукі, калі аднаго з галоўных герояў нашай няўдалай рэвалюцыі ўсе гэтыя 5 гадоў на вачах усёй краіны знішчаюць і чакаюць, калі чарговая ягоная спроба суіцыду стане паспяховай, — кажа Андрушкевіч.
Ён настойвае:
— Мы чакаем вызвалення Сцяпана Латыпава і палітвязняў з гуманітарнага спіса… Гэта наша краіна — гэта нашы калійныя ўгнаенні, а Лукашэнка звольнены. Лукашэнка даўно звольнены.
У эфіры Еўрарадыё пагаворым пра тое, як праходзіла сухая галадоўка Аляксандра Андрушкевіча, як ён адчувае сябе цяпер і ці назіралі за ім медыкі. Ці была ўжо нейкая рэакцыя з боку амбасады ЗША, ці змянялася сітуацыя за гэтыя дні і ці адчувае ён падтрымку людзей?
Эфір пачнецца ў 12:00 па Мінску, задавайце пытанні!