Вы тут

"Збіраецца сыходзіць" або "пажыццёвая ўлада": эксперты пра праект Канстытуцыі

У праекце Канстытуцыі шмат "абавязковага" патрыятызму / Еўрарадыё

У новым праекце Канстытуцыі можна знайсці абнуленне тэрмінаў і гарантыі бяспекі Лукашэнкі, адмову ад бяз'ядзернай зоны, але ніякіх намёкаў на інтэграцыю з Расіяй.

Еўрарадыё сабрала назіранні экспертаў у адзін тэкст. Тут і пра спробу Лукашэнкі пажыццёва застацца ва ўладзе, і пра тое, чаму час для публікацыі праекта абраны не выпадкова.
 

Новы прэзідэнт будзе "дырэктарам" пад кантролем ВНС

Пасля ўвядзення новай рэдакцыі Канстытуцыі нічога не зменіцца, перакананы палітычны аглядальнік Пётр Кузняцоў. Гэта спроба нічога не мяняць пад выглядам зменаў.

Ёсць змены па прэзідэнцкіх паўнамоцтвах. Становішча ў новага прэзідэнта будзе як у дырэктара на прадпрыемстве, якога можа звольніць савет заснавальнікаў. А замест савета заснавальнікаў — УНС, адзначае аглядальнік.

— Звяртае на сябе ўвагу, што "дырэктар", ён жа прэзідэнт, усё ж будзе кантраляваць сілавікоў. Але гэта, мабыць, на той перыяд, пакуль гэтую пасаду будзе займаць дзейны кіраўнік. Яго ж ніякі УНС нікуды не пасуне.

А вось у будучыні ў выпадку смерці або адстаўкі прэзідэнта кантроль над Саветам бяспекі будзе пераходзіць старшыні Савета Рэспублікі. Але, што праўда, наўрад ці па задумцы аўтараў гэта будзе сур'ёзна ўплываць на агульную карціну таго, што адбываецца.

На думку Пятра Кузняцова, аўтары Канстытуцыі зыходзяць са свайго ідэальнага бачання будучыні. Што ўлада замацуецца за групай людзей з УНС, а апынуцца ва УНС "свае". У рамках гэтага бачання раздаюцца і гарантыі бяспекі былым прэзідэнтам, і магчымасць заставацца ва ўладзе пажыццёва, напрыклад ва УНС або Савеце Рэспублікі.

Аднак гэта бачанне не ўлічвае дэфіцыту кадраў і таго, што новыя людзі са светапоглядам, адрозным ад патрэбнага сённяшняй уладзе, усё ж будуць прыходзіць ва УНС.
 

"Бальзамаванне ва ўладзе"

Праект Канстытуцыі так і не даў адказу на пытанне, навошта спатрэбіўся новы Асноўны закон, лічыць палітолаг Валерый Карбалевіч.

Калі раней канстытуцыйная рэформа задумвалася як важны элемент транзіту ўлады і сыходу Лукашэнкі, то цяпер ён сыходзіць намеру не мае.

У праекце Канстытуцыі паўнамоцтвы прэзідэнта трохі скарачаюцца, бо яна была задуманая для новага прэзідэнта, адзначае эксперт. Таму хуткага прыняцця новай Канстытуцыі чакаць не варта. І для гэтага зроблена некалькі хітрасцяў.

— Па-першае, змены Канстытуцыі ўступаюць у сілу не з моманту прыняцця яе на рэферэндуме, а "з дня афіцыйнага апублікавання такіх зменаў". Апублікаваць тэкст можна і праз год пасля галасавання.

Па-другое, на распрацоўку закона аб дзейнасці Усебеларускага народнага сходу даецца год. Яшчэ колькі часу спатрэбіцца на падбор дэлегатаў і правядзенне першага з’езда УНС. А да таго ўсе паўнамоцтвы прэзідэнта захоўваюцца ў ранейшым выглядзе.

Таксама эксперт звяртае ўвагу на артыкул 144: "У мэтах арганізацыі належнай работы Усебеларускага народнага сходу прэзідэнт, які займае гэтую пасаду на дату набыцця моцы зменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынёй Усебеларускага народнага сходу".

— Такім чынам, Лукашэнка захоўвае ўсю ранейшую ўладу, але цяпер яна будзе пераразмеркаваная па двух цэнтрах, абодва ён і ўзначаліць. Канструкцыя абсалютна штучная. Але так бывае, калі праект, прызначаны для рашэння адной задачы (транзіту ўлады), раптам перапрафілюецца на рашэнне іншай — бальзамаванне Лукашэнкі ва ўладзе.
 

Пашукаем пазітыў: няма крокаў у бок інтэграцыі з Расіяй

Калі паспрабаваць згуляць у папулярную гульню "давайце знойдзем пазітыў", то ў праекце Канстытуцыі няма ніякага руху ў бок Расіі ці інтэграцыі, піша палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

— Затое ёсць шмат "абавязковага" патрыятызму: "захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту"... А самае вясёлае вось гэта: "Праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа ёсць абавязак кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь".

Так што новы праект, калі кудысьці ідэалагічна і вядзе, дык хутчэй у Паўночную Карэю, а не ў Расію. Не думаю, што ў Маскве моцна ўзрадуюцца гэтаму праекту.
 

"У агляднай будучыні Лукашэнка плануе пакінуць пасаду"

У новым праекце Канстытуцыі ёсць артыкул 79, згодна з якім "прэзідэнт, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, не можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзеянні, здзейсненыя ў сувязі з ажыццяўленнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў".

Гэты артыкул гаворыць пра тое, што Лукашэнка плануе пакінуць сваю пасаду ў агляднай будучыні, лічыць Аляксандр Фрыдман.

— Гэта той самы імунітэт, з дапамогай якога ён хоча засцерагчы сябе ад крымінальнага пераследу ў Беларусі.

Такі імунітэт можа і не дапамагчы Лукашэнку, мяркуе эксперт. Чылійскі дыктатар Аўгуста Піначэт таксама разлічваў на гэта.

— Толькі дрэнны стан здароўя і смерць дыктатара ў канцы 2006-га не дазволілі чылійскай Фемідзе адправіць яго за краты, — падкрэслівае Аляксандр Фрыдман.
 

Ядзерная зона і "абнуленне"

Юрыст Ілья Салей звяртае ўвагу на тое, што праектам выключаецца норма аб тым, што Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай.

— Замест гэтага ўключана палажэнне аб выключэнні магчымасці вайсковай агрэсіі са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў.

Праектам Канстытуцыі абмяжоўваецца колькасць тэрмінаў, на якую адна асоба можа абірацца прэзідэнтам. Па праекце іх можа быць толькі два.

— Аднак гэтыя змены набываюць моц з дня ўступлення на пасаду новаабранага прэзідэнта. Фактычна гэта азначае "абнуленне" [тэрмінаў Лукашэнкі. — Еўрарадыё], — лічыць Ілья Салей.

Яшчэ адна ключавая змена, на думку юрыста, — ВНС абірае суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, а таксама сябраў ЦВК, але "выключна па прапанове прэзідэнта".

Ваенны эксперт Ягор Лебядок прынцыпова пакуль адмаўляецца каментаваць праект, паколькі лічыць, што гэта на руку Лукашэнку.

— Праект Канстытуцыі Лукашэнкам выносіцца цяпер, каб увесь запал у незалежных СМІ, аналітыкаў, блогераў і актыўных людзей выйшаў да Новага года ў выглядзе мноства каментароў і артыкулаў. Грамадзяне, якія цікавяцца, іх прачытаюць і пойдуць на святы, усё забудуць, і пасля святаў тэма Канстытуцыі сыдзе з парадку дня або будзе заменена іншай. Як вынік, у людзей будзе меншая цікавасць да палітычнага ўдзелу ў падзеях,піша Ягор Лебядок.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.