Уцякла ад ГУБАЗ. Гісторыя доктаркі, на якую ВНУ падала ў суд за размеркаванне

Лекар у лабараторыі / Ілюстрацыя: pixabay.com
Лекар у лабараторыі / Ілюстрацыя: pixabay.com

“Ва ўчастку мне паказалі паперку. Гэта была ананімка, маўляў я разам з нейкімі людзьмі заклала недзе бомбу, пры гэтым абражала прэзідэнта і гаварыла дрэнныя словы, кшталту "Жыве Беларусь!”

Так медыцынская работніца Ганна [імя змененае на просьбу суразмоўніцы] апісвае Еўрарадыё прычыну свайго экстраннага ад'езду з Беларусі ў снежні 2022 года.

Па словах аднаго з тых, хто дапытваў дзяўчыну перад ад'ездам, данос на яе ў КДБ прыйшоў з былога месца працы.

— Цяпер універсітэт падаў на мяне ў суд, бо я не адпрацавала па размеркаванні восем месяцаў. Не збіраюся нічога ім плаціць і лічу, што заплаціць павінен працадаўца, з чыёй ласкі я і з'ехала, — кажа Ганна.

Мы папрасілі Ганну расказаць сваю гісторыю. У ёй шмат асабістага болю за тое, што адбывалася ў беларускіх бальніцах у пік распаўсюджвання каранавіруса, калі адміністрацыя не толькі завязвала языкі супрацоўнікам, але і хавала падначаленых, каб не ляпнулі чаго лішняга. Пагрозы і прыніжэнні, даносы і здзекі падчас затрымання — усё, з чым давялося сутыкнуцца чуллівай дзяўчыне з Беларусі, проста таму што яна не магла маўчаць.

— Упершыню з пераследам за палітыку я сутыкнулася ў 2018 годзе, калі на "Нехта" з'явілася нейкае мемнае відэа пра лекара з майго інстаграма. Тады я нават не ведала, хто такі Нехта. І вось пасля цэлы год мяне прэсавалі КДБшнікі. Думаю, што ўся прэтэнзія была толькі ў тым, што ролік размясцілі ў апазіцыйным канале. Мне прад'яўлялі, што я з ім быццам бы знаёмая... Тады мне дасталося, можна сказаць, ад усіх, ад каго можна.

Па-першае, мяне выклікалі на гутаркі прарэктары ўніверсітэта, якія ўвесь час пагражалі: казалі, што калі гэтую справу перададуць далей, бацькам не паздаровіцца. Усіх звольняць, а мяне адлічаць. Патрабавалі закрыць усе сацсеткі.

Яшчэ быў адзін, як я зразумела, КДБшнік. У час маёй сустрэчы з адміністрацыяй ВНУ ён прынёс велізарную тэчку з дасье на мяне. Там былі ўсе звесткі пра бацькоў, інфармацыя пра маю вучобу, усе фоткі з сацсетак, усе нумары маіх кантактаў.
І ён проста моўчкі сядзеў, пакуль прарэктар праводзіла гутарку.

Па скрыгатанню падчас размоў і пастаяннаму пераграванню тэлефона я адчувала, што мяне слухаюць. Ім трэба было адсачыць, ці звязаная я з Нехтай, ці не. Супрацоўніца дэканата, насамрэч, добрая жанчына, проста так і папярэдзіла: "Будзь асцярожная. Зараз яны трымаюць цябе на кручку".
Уся гэтая гісторыя працягвалася каля года, потым быццам бы ўсё сціхла.

 

— Як памянялася вашае жыццё ў лютым 2020-года?

— Кавід. Праўдзівую інфармацыю наконт сітуацыі хавалі, ва ўніверсітэце нас папярэдзілі: "трэба маўчаць".

Мяне і многіх іншых студэнтаў адправілі працаваць па бальніцах, таму што медработнікаў не хапала. Дарэчы, многія захварэлі і памерлі.

Умовы працы былі жудасныя, таму што ніякіх сродкаў засцярогі нам бальніцы не давалі.

Мы працавалі ў экстрэмальных умовах. Калі людзі паміралі, нам забаранялі ў прынцыпе пра гэта казаць.Трупы хавалі пад лесвіцу — гэта было вельмі страшна.

Сбежала от ГУБОП. История врача, на которую вуз подал в суд из-за распределения
Склад валанцёраў у Мінску / Еўрарадыё

Я збірала подпісы, расклейвала розныя плакаты за сумленныя выбары, паспрабавала стаць незалежным назіральнікам. Спачатку гэта можна было рабіць, але потым людзям проста не давалі працаваць.

Падчас выбараў я галасавала за Святлану Ціханоўскую.

Далей пачалася жудасць. Пасля выбараў я прыехала ў свой горад з Мінска і не магла зразумець, што адбываецца, бо адключылі інтэрнэт. Выходжу — а там выбухі, вэрхал кругом. Было вельмі страшна.

9 жніўня я даведалася, што пасадзілі майго знаёмага, з якім бачыліся за паўгадзіны да затрымання. Яму адбілі ныркі.

Пасля дзясятага чысла мы пачалі хадзіць на ўсе мітынгі. 11-га нас збілі амапаўцы. Мяне не моцна, бо я хутка бегаю. Дваіх маіх сяброў злавілі і пасадзілі надоўга ў ІЧУ. Зараз яны жывуць у Польшчы, як і ўсе мы.

Мы хадзілі на ўсе маршы запар, і, вядома ж, на акцыі медыкаў. Памятаеце, лекары патрабавалі спыніць гвалт, таму што велізарная колькасць людзей была пакалечаная? Да нас дайшла інфармацыя пра гвалт дзяўчат. Мы спрабавалі зрабіць максімальна ўсё, што маглі, толькі б гэта ўсё спынілася.

 

— Як ставіліся ў вашай бальніцы да людзей, якія ходзяць на мітынгі і акцыі?

— Мне даводзілася працаваць па размеркаванні ў максімальна праўладным месцы з прыкарытнікамі. Гэта была адна з тых бальніц, куды прыязджаў Лукашэнка і здымаў відэа пра кавід, маўляў, як мы ўсе змагаемся і якія мы малайцы.

На працы пачаўся жорсткі мобінг і булінг. На мітынгі хадзіла моладзь. Кіраўніцтва, накшталт галоўнага ўрача і намеснікаў, і іншыя праўладныя супрацоўнікі прэсавалі нас штодня. У гэтых людзей відавочны разлад псіхікі. Нас пастаянна выклікалі да начальства, дзе прыніжалі і абражалі.

"Мы цябе звольнім! Мы табе кар'еру зламаем, і ты больш нікуды не ўладкуешся! А бацькоў тваіх, ды і цябе, проста заб'юць!" — гэта ўжо былі канкрэтныя прамыя пагрозы.

У адной з супрацоўніц была настолькі нестабільная псіхіка, што яна на нас кідалася, магла, напрыклад, рэзка схапіць за руку. Так працягвалася вельмі доўга.

Бацькам, дарэчы, пастаянна пагражаюць паўсюль.

Сапраўды, гэта было жахліва і даводзіла мяне да панічных атак. Ратавала тое, што мы вельмі пасябравалі з калегамі, з якімі хадзілі на мітынгі. Мы верылі ў перамогу і былі поўныя энтузіязму. Гэтае пачуццё яднання было найлепшым з таго, што я адчувала калі-небудзь. Мы ўсе адзін аднаго падтрымлівалі.

Напачатку было ўсё добра, а потым пачалася вайна. Я не магла сябе стрымліваць. Падчас рэферэндуму я склала свой бюлетэнь гармонікам, і гэта не прайшло міма галоўнага ўрача. Маўляў, як гэта я так зрабіла.

Я разумела, што ў нашай сітуацыі мы магчыма дзесьці не даціснулі, але вось вайна ва Украіне, дзе штодня гіне столькі ні ў чым невінаватых людзей. Вайна проста разбурыла ўвесь мой свет, а мне ў бальніцы заяўляюць, маўляў, я нічога не разумею: "Гэта спецыяльная ваенная аперацыя, так трэба".

Маўчаць я не ўмею, таму пачала актыўна посціць ва ўсе сацсеткі інфармацыю пра вайну. І я так разумею, на працы гэта не ўсім спадабалася: ва ўсіх бальніцах засталося вельмі шмат менавіта праўладных, так бы мовіць, не вельмі прыстойных людзей.
На працы папрасілі характарыстыку са старога месца. Праз нейкі час мне яе даслалі.

І тут у бальніцу заяўляюцца супрацоўнікі ГУБАЗіК. Іх было двое, яны чакалі мяне ў галоўнага ўрача. Мне сказалі: "Мы вас затрымліваем да высвятлення абставінаў". Як "асабліва небяспечнага злачынцу" мяне вывелі з бальніцы, там нас чакаў АМАП. У пастарунку па ананімным даносе са старога месца працы мне прад'явілі абвінавачванне ў саўдзеле ў тэрарыстычных групах, абразе прэзідэнта, экстрэмісцкай дзейнасці і ўдзеле ў масавых мерапрыемствах. Яшчэ яны адкапалі кучу маіх старых фатаграфій з мітынгаў.

 

— Як праходзіў допыт і што здарылася пазней?

— Мяне дапытвалі пяць мужыкоў з аўтаматамі. Яны адкрыта здзекваліся: адпускалі ў мой адрас кучу непрыстойных жартаў, казалі, што зараз мяне паймеюць. Узламалі мой тэлефон і аднавілі ўсе перапіскі і падпіскі ў тэлеграм. Я не ведала, што так можна зрабіць. Лазілі па інстаграму і глядзелі фатаграфіі. Перада мной дапытвалі хлопца — таксама па палітыцы, яго там білі проста-такі вельмі моцна.

Я баялася, што мяне адмалоцяць таксама, таму ўзяла за тактыку з усім згаджацца, што б ні казалі.

А потым мне прад'явілі ордэр на ператрус. Ён праходзіў дома з панятымі. Я ўзважыла ўсе абвінавачванні і зразумела, што мне капец. Там быў адзін супрацоўнік, малады выскачка, які ўвесь час прапаноўваў аформіць мяне ў ІЧУ і ўсіх прыспешваў. Потым яму начальнік зрабіў заўвагу, маўляў, неяк трэба больш стрыманым быць, перад табой — лекар, паважай яе.

А потым здарылася дзіва. Я так зразумела, што супрацоўнікі, якія з намі былі, прыехалі з іншага горада, і вось ім тэрмінова трэба ехаць на нейкі выклік. Яны мяне прывезлі на працу і паехалі. Гэта быў нейкі дзіўны жэст, але я зразумела, што трэба бегчы.

Пабегла адразу дадому па дакументы і зарадку для тэлефона. Патэлефанавала знаёмым, мне дапамаглі дамовіцца з BYSOL наконт эвакуацыі. І тут патэлефанаваў следчы — за мной прыехалі на працу. Папярэдзіўшы сяброў, якія павінны былі мяне вывезці, я выкінула сімку і пабегла хавацца ў дварах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі