Вы тут

Суд над затрыманымі пад Смалявічамі: у франтмена РСП Паўла Гарадніцкага 15 сутак

Павел Гарадніцкі / З архіву Еўрарадыё

15 лютага ў судах некалькіх гарадоў Мінскай вобласці праходзяць суды над затрыманымі ў суботу на канцэрце "Разбітага сэрца пацана" на турбазе пад Смалявічамі. Тады міліцыя схапіла амаль 70 чалавек. Па яе версіі, было спынена "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства з выкарыстаннем б-ч-б-сімволікі".

Франтмена РСП Паўла Гарадніцкага судзілі ў Лагойску. Ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за "парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў". Як паведамляе тэлеграм-канал @by_culture, басіст РСП Андрэй Осіпчык таксама атрымаў 15 сутак арышту. Яшчэ дваіх удзельнікаў гурта, Дзяніса Тарасенку і Аляксандра Кавалёва, будуць судзіць у аўторак.

Спявачка Валерыя Суравіцкая (Lear) таксама атрымала 15 сутак. Менеджарку РСП Настассю Доль аштрафавалі на 870 рублёў.

Доль распавяла nn.by, што калі ў памяшканне ўварваліся каля 30 амапаўцаў і іншых міліцыянераў, у "першыя хвіліны гледачы і артысты думалі, што адбываецца шоу ад "РСП", нейкая тэатральная пастаноўка, якая хутка скончыцца". Неўзабаве стала зразумела, што ўсё гэта па-сапраўднаму і яны трапілі за краты.

Жанна Пракапенка і Дар'я Аляксеева атрымалі па 15 сутак арышту. Юлія Міхайлава і Юлія Анісеня аштрафаваныя на 870 рублёў кожная.

Музыка і культурніцкі менеджар Уладзь Лепяшынскі асуджаны на 15 сутак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.