У Беларусі выпусцілі 27 палітвязняў па справе “дваровых чатаў”. І асудзілі новых
Палітвязні ў Беларусі, фота ілюстрацыйнае / @rubanau_collage
Па “справе дваровых чатаў” на волі апынуліся 27 палітвязняў, большасць з якіх – жанчыны. Сярод вызваленых — палітвязынка, што мае другую непрацоўную групу інваліднасці, выдаленую шчытападобную залозу і мае патрэбу ў рэгулярным прыёме лекаў.
Але калі спецпасланнік ЗША Джон Коўл яшчэ знаходзіўся ў Беларусі, па той жа справе дваровых чатаў вынеслі яшчэ некалькі прысудаў. Праваабаронцам стала вядома, што ў чацвер, 19 сакавіка, калі амерыканская дэлегацыя вяла перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, па справе “дваровых чатаў” асудзілі да вялікіх тэрмінаў як мінімум чатырох чалавек.
Мінчанак Ірыну Якаўлеву і Анжэлу Агарок накіравалі ў калонію на 8,5 год, Вікторыю Грынько — на 9 год. Больш за тое, у дзень, калі памілавалі асуджанага па справе дваровых чатаў палітвязня Сяргея Дароніна, ягонай жонцы прысудзілі 8,5 года калоніі — таксама за ўдзел у дваровым чаце. Наталлю Дароніну судзілі за “ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні” і “ўдзел у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады”. І ў дзень памілавання вялікай групы вязняў ёй прысудзілі 8,5 гадоў калоніі.