"Мы вызваляем 10 чалавек, а яны арыштуюць яшчэ 10?" — Коўл пра перамовы

Джон Коўл

Джон Коўл / LookByMedia

На перамовах з Лукашэнкам спецпрадстаўнік ЗША па Беларусі Джон Коўл абмяркоўваў спыненне палітычных арыштаў у краіне. Пра гэта ён расказаў у гутарцы з DW.

Коўл сказаў, што ўпершыню падняў пытанне пра новыя арышты: "Цяпер гэта, здаецца, першы раз, калі я падняў пытанне аб новых арыштах па меры вызвалення людзей. Гэта значыць, мы вызваляем 10 чалавек, а яны арыштоўваюць яшчэ 10? Спадзяюся, нам удалося данесці да яго, што гэта недапушчальна".

Таксама спецпрадстаўнік ЗША прызнаўся, што было складана ўгаварыць Лукашэнку пакінуць вызваленых палітвязняў у Беларусі. Паводле яго, людзей папрасілі "вярнуцца дадому і паводзіць сябе спакойна, каб мы маглі дамагчыся вызвалення астатніх".

Напярэдадні стала вядома пра вызваленне 250 палітвязняў па выніках перамоваў Лукашэнкі з Коўлам у абмен на частковае зняццё санкцый. 15 чалавек былі адразу дэпартаваныя ў Літву, астатнім дазволілі застацца ў Беларусі.

Коўл паведаміў, што Злучаныя Штаты паабяцалі зняць 80% санкцый з Беларусі, калі Лукашэнка вызваліць палітвязняў.

"80% санкцый былі ўведзеныя ЗША пасля падзей 2020 года, калі людзей масава арыштоўвалі і саджалі ў турмы. Калі людзей адпусцяць, тады не будзе прычын захоўваць гэтыя 80% санкцый. Акрамя гэтых 80% застаюцца яшчэ 20%, звязаных з іншымі пытаннямі. Але калі яны пойдуць насустрач і мы вызвалім усіх гэтых людзей — усіх да аднаго — тады санкцыі будуць знятыя", — заявіў ён.

Варта нагадаць, што вялікая частка санкцый, якія былі ўведзеныя ЗША за апошнія пяць гадоў, звязаная з саўдзелам Беларусі ў вайне супраць Украіны, а не з рэпрэсіямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.