Арыштаваных па "справе кнігароў" перавялі ў СІЗА КДБ

Алесь Яўдаха, Вацлаў Багдановіч, Зміцер Колас

Алесь Яўдаха, Вацлаў Багдановіч, Зміцер Колас / калаж "Нашай Нівы"

Арыштаваных кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў перавялі ў следчы ізалятар КДБ. Сярод іх Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч, Алесь Яўдаха, а таксама Вікторыя Багдановіч, дачка Вацлава, піша "Наша Ніва".

Напрыканцы лютага стала вядома пра ператрусы і затрыманні ў беларускіх незалежных выдавецтвах. Усіх затрыманых спачатку адправілі на суткі па адміністратыўных пратаколах, складзеных з надуманых падставаў.

А 3 сакавіка КДБ заявіў пра новае "экстрэмісцкае фармаванне". Такім прызналі "кааліцыю друкаваных выдавецтваў "Фонд Kamunikat.org", Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing. Насамрэч такой кааліцыі не існуе.

Улады пазначылі ў спісе тых, каго, лічаць звязанымі з гэтай "кааліцыяй": перакладчык Зміцер Колас, выдавец Вацлаў Багдановіч, кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха — усе яны знаходзяцца ў Беларусі. Таксама ў спіс былі ўключаныя выдаўцы, якія перабываюць за межамі Беларусі — Яраслаў Іванюк, Ігар Логвінаў і Андрэй Янушкевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.