Вы тут

Рэзалюцыя Еўрапарламента па Беларусі: расследаванне смерцяў + новы пакет санкцый

Зала Еўрапарламента / Reuters

Па выніках дэбатаў 26 лістапада дэпутаты Еўрапарламента прынялі рэзалюцыю па Беларусі. 

У ёй еўрадэпутаты:

— патрабуюць правесці расследаванні смерцяў Рамана Бандарэнкі, Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Арцёма Парукава, Генадзя Шутава і Канстанціна Шышмакова. Таксама яны заклікаюць да міжнароднага расследавання злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі;

— падтрымліваюць працу над трэцім пакетам санкцый супраць кампаній, звязаных з кланам Лукашэнкі, а таксама яго алігархаў;

— заклікаюць да поўнага замарожвання пераводаў з ЕС на карысць беларускага рэжыму. У тым ліку гаворка ідзе пра крэдыты ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, якія і так прыпыняюць свае праекты ў Беларусі.

Еўрапарламент падтрымлівае патрабаванне беларусаў правесці бліжэйшым часам новыя свабодныя выбары пад кіраўніцтвам АБСЕ, асуджае дзеянні беларускай Палаты прадстаўнікоў, якая прыняла закон пра пазбаўленне беларусаў грамадзянства.

Еўрадэпутаты заклікаюць прыняць так званы Еўрапейскі закон Магніцкага, які дазволіў бы пераследваць тых, хто мае дачыненне да карупцыі і парушэнняў правоў чалавека. Яны звяртаюцца да ўсіх краінаў ЕС з заклікам выконваць рэкамендацыі дакладчыка Маскоўскага механізму АБСЕ і спрасціць выдачу віз беларусам, вымушаным з'ехаць з радзімы праз рэпрэсіі. Усе прадпрыемствы, якія працуюць у Беларусі, яны заклікаюь выконваць свае абавязкі па выкананні правоў чалавека.

Святлана Ціханоўская падзякавала Еўрапарламенту за гэтую рэзалюцыю. Яна лічыць, што дзякуючы такім дзеянням Еўрапарламента ўдаецца наблізіць "момант, калі вінаватыя панясуць адказнасць за злачынствы і беззаконню ў Беларусі прыйдзе канец".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.