Вы тут

Еўрадэпутаты заклікалі пашырыць санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі

Зала пасяджэнняў Еўрапарламента / Reuters

Дэбаты наконт сітуацыі ў Беларусі прайшлі ў Еўрапарламенце 26 лістапада. Яны насілі назву "Няспынныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасці забойства Рамана Бандарэнкі". 

Еўрадэпутаты рэзка асудзілі рэпрэсіі з боку беларускіх улад і заклікалі пашырыць пакет санкцый. Некаторыя выступоўцы пачыналі свае прамовы словамі "Я выходжу" — так гучала апошняе паведамленне Рамана Бандарэнкі ў дваровым чаце. На завяршэнне прамовы яны казалі: "Жыве Беларусь!"

Літоўскі дэпутат Андрус Кубілюс, які выступаў ад імя фракцыі Еўрапейскай народнай партыі, назваў дзеянні беларускіх улад супраць уласнага народа ўнутраным тэрарызмам. "Што мы павінны рабіць з рэжымам Лукашэнкі? Тое самае, што і з іншымі тэрарыстычнымі рэжымамі: жорсткія эканамічныя санкцыі ў дачыненні да дзяржаўных і прыватных кампаній, якія важныя для рэжыму, санкцыі на аперацыі ў сістэме SWIFT, правядзенне міжнароднага трыбуналу і гэтак далей", — цытуе Радыё "Свабода" яго словы. На думку Кубілюса, калі Крэмль працягне падтрымліваць тэрарыстычны рэжым, то санкцыі павінныя закрануць і яго. 

Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Роберт Бедрань у сваёй прамове згадаў загінулага Рамана Бандарэнку. Дэпутат папракнуў Еўрасаюз тым, што з яго боку пакуль што "размоў больш, чым дзеянняў".

Еўрадэпутатка Мірыям Лексман заклікала стварыць місію Еўрапарламента высокага ўзроўню, каб "садзейнічаць спыненню гвалту, вызваленню палітвязняў і пачатку нацыянальнага дыялогу ў справе выхаду з крызісу".

Камісар ЕС па антыкрызісным кіраванні Янэз Ленарчыч у сваёй прамове назваў беспрэцэдэнтным узровень рэпрэсій у Беларусі цягам апошнім трох месяцаў. Ён нагадаў, што ЕС не прызнаў вынікі прэзідэнцкіх выбараў і не лічыць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам. Ленарчыч дадаў, што афіцыйны Мінск адмаўляецца ад міжнароднай дапамогі для ўрэгулявання палітычнага канфлікту. 

Таксама еўракамісар дадаў, што Еўрасаюз актыўна рыхтуе трэці пакет санкцый. "Еўракамісія ўжо накіравала свае прапановы Савету ЕС", — заявіў Ленарчыч. 

Нагадаем, што першыя два пакеты санкцый закраналі 55 прадстаўнікоў кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнку і яго старэйшага сына і памочніка па нацбяспецы Віктара. Фігурантам "чорнага спісу" забаронены ўезд у краіны ЕС, а іх актывы павінныя быць замарожаныя. Паводле папярэдніх звестак, трэці пакет будзе змяшчаць эканамічныя санкцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.