Мінская міліцыя затрымала часовага паверанага ў справах ЕС у Беларусі

Дыпламаты ў судзе напярэдадні не сталі камунікаваць з супрацоўнікам СТБ Рыгорам Азаронкам / @Azarenok_TV​

Напярэдадні ў Мінску пасля суда над Марфай Рабковай і яшчэ 9 палітвязнямі была затрыманая часовы павераны ў справах ЕС у Беларусі Эвеліна Шульц. Пра здарэнне піша беларуская служба Радыё "Свабода" са спасылкай на BPN.

Дыпламата прывезлі ва УУС Фрунзенскага раёна Мінска. Тут яе ўтрымлівалі каля дзвюх гадзін, расказала журналістам крыніца ў дыпламатычных колах ЕС. Пра інцыдэнт быў праінфармаваны кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Мінску Дзірк Шубель, які летась па патрабаванні беларускіх уладаў пакінуў краіну і працуе з-за мяжы, а таксама кіраўніцтва ЕС у Бруселі. Афіцыйнай рэакцыі на тое, што здарылася, з боку ЕС пакуль няма.

Нагадаем, паводле Венскай канвенцыі аб дыпламатычных адносінах дыпламаты маюць імунітэт.

Раней праваабаронцы паведамлялі, што пасля вынясення прысуду па "справе анархістаў" ля будынка суда былі затрыманыя не менш за 13 чалавек: некалькі сваякоў асуджаных, праваабаронца Наста Лойка і іншыя грамадзяне. Частку потым адпусцілі, але як мінімум дваіх, у тым ліку Лойку, мяркуючы па ўсім, будуць судзіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.