Вы тут

Міністр замежных спраў Польшчы: "Усходняе партнёрства" скончылася катастрофай

Праграма Еўрасаюза "Усходняе партнёрства" скончылася катастрофай. З такой заявай у польскім Сейме выступіў міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Ён бачыць прычыну такой сітуацыі ў тым, што Беларусь, Украіна, Малдова, Грузія, Арменія і Азербайджан не атрымалі шанцаў на ўваход у Еўрасаюз, а толькі ілюзію, інфармуе radiopolsha.pl.

Міністр адзначыў, што "Усходняе партнёрства" гэта нямецкая канцэпцыя еўрапейскай усходняй палітыкі. І яна аказалася няслушнай. У 2013-м людзі выйшлі на Майдан у Кіеве з жаданнем стаць часткай ЕС, а не яго партнёрам. Яны паставілі пад сумненне менавіта Партнёрства, якое прапаноўваў Брусель, адзначыў польскі міністр замежных спраў.

Вашчыкоўскі раскрытыкаваў палітыку папярэдняга польскага ўраду і непасрэдна — экс-міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага. Паводле яго слоў, Сікорскі намагаўся наблізіць Варшаву да цэнтра прыняцця рашэнняў у ЕС шляхам збліжэння з Берлінам, але гэты сцэнар не стаў рэальнасцю. Цяпер жа Польшча аддаляецца ад Нямеччыны і намагаецца наблізіцца да Вялікабрытаніі і краін Вышаградскай чацвёркі.