Латушка прапануе прыпыніць доступ рэжыму Лукашэнкі да базаў Інтэрпала
Інтэрпал, ілюстрацыйнае фота / @pressmvd
Рэжыму Лукашэнкі трэба адключыць доступ да інфармацыйнай сістэмы Інтэрпала, бо ён карыстаецца імі для транснацыянальных рэпрэсій. Пра гэта заявіў Павел Латушка, выступаючы 21 красавіка на пасяджэнні Камітэта па юрыдычных пытаннях і правах чалавека ПАСЕ.
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета падкрэсліў, што афіцыйны Мінск выкарыстоўвае Інтэрпал дзеля палітычных мэтаў. "Гэта не проста злоўжыванне з боку рэжыму. Механізмы Інтэрпала фактычна становяцца інструментам пераследу і пагрозай бяспецы для тысяч беларусаў, якія пакінулі краіну ў выніку палітыкі маштабных палітычных рэпрэсій", — цытуе прэс-служба АПК яго словы.
Латушка прапанаваў дзяржавам — удзельніцам ПАСЕ, якія ўваходзяць у Інтэрпал, наступныя меры:
— правяраць запыты з Беларусі па крымінальных справах на прадмет магчымай палітычнай матывацыі;
— звярнуць увагу Генеральнага сакратарыята Інтэрпала, што рэжым Лукашэнкі не аднойчы злоўжываў механізмамі арганізацыі, таму можа быць ужыты пункт 4 артыкула 123 Правілаў Інтэрпала па апрацоўцы даных для прыпынення доступу да інфармацыйнай сістэмы арганізацыі.
"Інтэрпал павінен адстойваць вяршэнства права, а не служыць сродкам перадачы невінаватых людзей у рукі дыктатараў", — падкрэсліў Латушка.
Яго пазіцыю падтрымаў дакладчык ПАРЕ па транснацыянальных рэпрэсіях Канстанцінас Эфстаціу і назваў Беларусь яскравым прыкладам краіны, дзе сістэма апавяшчэнняў Інтэрпала выкарыстоўваецца для палітычнага пераследу дысідэнтаў за мяжой.
Раней неаднаразова з'яўляліся паведамленні пра затрыманні беларускіх палітуцекачоў па ордэрах Інтэрпала.