Чаму Лукашэнка на фоне калійнай здзелкі прызнае ЕГУ "экстрэмісцкім". Меркаванне Лойка

Сілавікі круцяць свае "гешэфты" на шкоду дзяржаве?

Сілавікі круцяць свае "гешэфты" на шкоду дзяржаве? / LookByMedia

— Коул прыехаў, паразмаўляў з Наўседам і Лукашэнкам і прапанаваў: "Хлопцы, вам трэба сесці і вырашыць гэтыя пытанні". Наўседа адказаў, што Літва гатовая і можна хаця б на месяц спыніць гэтую эскалацыю? — нагадвае рэдактарка Plan B Вольга Лойка нядаўнюю гісторыю візіту прадстаўніка Дональда Трампа ў Беларусь.

Чаму ж тады рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае міграцыйны крызіс на межах з ЕС і прызнае ЕГУ "экстрэмісцкай арганізацыяй"? Яму не трэба везці калій праз Клайпеду? Ці сілавікі сталі настолькі ўплывовымі, што могуць дазваляць сабе працягваць свае сумнеўныя "гешэфты" з мігрантамі і кантрабандай у шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі?

На гэтыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё разважала Вольга Лойка.

— Калі абодвум бакам гэта сапраўды патрэбна, узнікае пытанне: у чым тады перашкода? Калій сам сябе не перавязе, а сітуацыя ва Усць-Лузе ўсім вядомая — там відавочна ёсць напружанне.

Таму лагічна было б хаця б абмеркаваць гэтыя пытанні. Тым больш што, як мне здаецца, маштаб праблемы несупастаўны з выдаткамі. Напрыклад, гаворка ідзе пра сотні студэнтаў ЕГУ — і цяжка паверыць, што гэта сапраўды апраўдвае такія фінансавыя і палітычныя выдаткі, — здзіўляецца Лойка.

Падыходы да ціску выглядаюць несістэмнымі і ў выніку ўсё зводзіцца да маштабу рэпрэсій і палітычнага рашэння, упэўнена рэдактарка Plan B.

— Тэарэтычна, канешне, можна было б узмацняць ціск і далей, але практычны вынік ад гэтага сумнеўны. Нават калі частка студэнтаў не зможа паступіць у ЕГУ, яны, хутчэй за ўсё, паедуць вучыцца ў Польшчу, Расію або іншыя краіны. Людзі, арыентаваныя на выезд, звычайна ўсё роўна рэалізуюць гэты план.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.