Еўрасаюз забараніў здзелкі з беларускім лічбавым рублём і крыптавалютамі

Крыптавалюта

Крыптавалюта / pixabay.com

Краінам Еўрасаюза забаронена "наўпрост ці ўскосна ўдзельнічаць у любых здзелках з крыптаактывамі ці лічбавымі валютамі цэнтральных банкаў" Беларусі і Расіі. Гэтыя абмежаванні ўведзеныя 20-м пакетам санкцый ЕС, прынятым 23 красавіка 2026 года.

У дадатку да рэгламенту Савета ЕС адзначаецца, што з 24 траўня санкцыі пачнуць дзейнічаць супраць лічбавага беларускага рубля. Гэты праект усё яшчэ знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі. Тым не менш у ЕС уводзяць санкцыі, бо мяркуюць, што лічбавы рубель "прызначаны для стварэння аплатнай сістэмы, якая абараняе беларускіх асоб ад наступстваў абмежавальных мер".

Таксама ЕС забараняе заключаць здзелкі з зарэгістраванымі ў Беларусі асобамі і кампаніямі, якія надаюць паслугі ў сферы крыптаактываў.

Таксама новыя санкцыі ЕС абмяжоўваюць любыя паслугі, якія "спрыяюць узмацненню тэхналагічных магчымасцяў Беларусі, у прыватнасці прадастаўленне кіраваных паслуг у сферы бяспекі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.