Мінабароны пра грамадскае назіранне: За вучэннямі і так ёсць, каму назіраць

Мінабароны пра грамадскае назіранне: За вучэннямі і так ёсць, каму назіраць

Грамадскую камісію па назіранні за беларуска-расійскімі вучэннямі “Захад-2017” прапаноўвае Мінабароны стварыць кампанія “Гавары праўду”. Спіс з пяці чалавек з адпаведным афіцыйным зваротам на імя міністра абароны Раўкова адзін з лідараў “ГП” Андрэй Дзмітрыеў перадаў у Мінабароны 21 жніўня.

Дзмітрыеў: “Усе неабходныя паперы і спіс меркаваных удзельнікаў грамадскай камісіі я аднёс у аддзел, дзе ўсе звароты прымаюць. Але перад гэтым тэлефанаваў у ідэалагічнае ўпраўленне і размаўляў з дзяжурным. І была ў нас вельмі няпростая размова, яны вельмі спрабавалі мне давесці, што патрэбы ў гэтым назіранні няма, што яно не прадугледжанае законам, што і так будзе шмат СМІ і замежных назіральнікаў. Усімі сіламі даводзілі, што яны нібыта не супраць такога назірання, але законам яно не прадугледжанае”.

 

Мінабароны пра грамадскае назіранне: За вучэннямі і так ёсць, каму назіраць
Андрэй Дзмітрыеў, фота Алеся Пілецкага

Тым не менш, зварот у Дзмітрыева прынялі і да афіцыйнага пачатку вучэнняў, кажа палітык, у Мінабароны дастаткова часу, каб “патрабаванне грамадскасці задаволіць”.

Праўда, выглядае на тое, што асабліва спадзявацца на згоду Мінабароны ініцыятарам стварэння грамадскай камісіі не варта. Такую выснову можна зрабіць з адказу Еўрарадыё кіраўніка прэс-службы ваеннага ведамства Уладзіміра Макарава.

Макараў: “У нас ёсць, каму ажыццяўляць кантроль за узброенымі сіламі ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі. Што тычыцца назірання за вучэннямі, то і тут ваеннае ведамства ажыццяўляе сваю дзейнасць строга ў адпаведнасці з заканадаўствам. Абапіраючыся на практыку добрасуседства, да прыкладу, і ў межах Венскага дакумента 2011 года “Аб мерах умацавання даверу”, двухбаковых дамоўленасцяў “Аб дадатковых мерах умацавання даверу і бяспекі” на мерапрыемства запрошаныя назіральнікі са шматлікіх краін. Самую поўную інфармацыю па дадзеным пытанні вы зможаце пачытаць на інтэрнэт-партале Міністэрства абароны”.

У спісе грамадскай камісіі назірання за вучэннямі, які перадаў Дзмітрыеў у Мінабароны, пяць чалавек: кіраўнік аналітычнага праекту “Belarus Security Blog” Андрэй Паротнікаў, ваенны эксперт Аляксандр Алесін, палкоўнік запасу, аналітык Леанід Спаткай, намеснік старшыні ПБНФ Ігар Лялькоў і прадстаўнік “Гавары праўду” Сяргей Вазняк.

Па словах Андрэя Паротнікава, ён ад пачатку не верыў, што Мінабароны дасць згоду на стварэнне гэтай грамадзянскай камісіі назірання за вучэннямі.

Паротнікаў: “Думаю, што тут усё лагічна: назіранне ― гэта фармалізаваны працэс. І каб годна ўдзельнічаць у гэтым назіранні, трэба ўмець гэта рабіць. Трэба ведаць, што глядзець, дзе глядзець і куды глядзець. І казаць, што ў нас у грамадзянскай супольнасці ёсць людзі, якія ў стане наладзіць стоадсоткавае і прафесійнае назіранне, проста не выпадае. Каб такое назіранне наладзіць, трэба быць афіцэрам-штабістам вельмі высокага ўзроўню. Бо там трэба ведаць усю “кухню”: не толькі тое, як яны там скачуць і страляюць, але і тылавыя пытанні. Каб можна было злавіць за руку і сказаць: “Вы кажаце адно, але з гэтага і гэтага вынікае, што ў вас тут зусім іншае”.

Мінабароны пра грамадскае назіранне: За вучэннямі і так ёсць, каму назіраць
Андрэй Паротнікаў, фота Змітра Лукашука

Тым не менш, саму ідэю агучыць намер стварэння такой камісіі і зварот з ёй у Мінабароны Андрэй Паротнікаў называе добрай і патрэбнай ініцыятывай. Чаму?

Паротнікаў: “Асноўная ідэя тут ― прадэманстраваць жаданне грамадства больш ведаць, быць больш інфармаваным і выказаць занепакоенасць самім фактам гэтых вучэнняў. Бо мы бачым вельмі дзіўную сітуацыю, калі замежныя дыпламаты і ваенныя аташэ пра гэтыя вучэнні ведаюць больш, чым падаткаплацельшчыкі, за грошы якіх гэта свята жыцця і будзе адбывацца. Гэта абсалютна ненармальная сітуацыя, тым больш, што гаворка ідзе не пра сакрэтную інфармацыю. І таму мэта гэтага спісу ― падштурхнуць Мінабароны да большай адкрытасці і празрыстасці гэтага мерапрыемства”.

Ці ёсць у беларусаў іншая магчымасць, апроч сюжэтаў па дзяржаўных тэлеканалах, даведвацца, што на самой справе адбываецца на вучэннях “Захад-2017”, ці не рыхтуецца там якая непрыемная нечаканасць? Блогер Эдуард Пальчыс заклікае ўсіх неабыякавых беларусаў аб’яднацца ў больш шырокую “камісію назірання за вучэннямі”.

“Вучэнні пройдуць на 6 палігонах: “Лепельскі”, “Барысаўскі”, “Ласвіда” (Віцебская вобласць), “Асіповіцкі”, палігонах ВПС і войск СПА “Ружанскі” і “Даманаўскі” (Брэсцкая вобласць), а таксама на ўчастку мясцовасці недалёка ад населенага пункта Дрэтунь (30 кіламетраў ад Полацка). Усе, хто жыве ў гэтых раёнах і гарадах павінны быць на пастаянным інфармацыйным дзяжурстве. Любое перасоўванне тэхнікі і ваенных фіксуйце на свае смартфоны. Здымайце відэа, фота, запісваеце расказы відавочцаў і выкладвайце ў сацыяльныя сеткі”,піша Эдуард Пальчыс.

Такая кампанія мае сэнс, пагаджаецца Андрэй Паротнікаў, але не для таго, каб атрымаць нейкі скандальны эксклюзіў, а як элемент грамадскага ціску на ўлады.

Паротнікаў: “Каб ім зноў паказаць, што ім не давяраюць. А не давяраюць таму, што вы закрытыя, вы нічога не тлумачыце, вы хаваеце інфармацыю ад уласнага народа”.

Па словах Паротнікава, рабіць такія здымкі не забаронена. Маўляў, калі ў ваенных ёсць нейкія сакрэтныя маршруты і тэхніка, то гэта іх праблемы, як зрабіць так, каб іх сакрэты ніхто не ўбачыў.

Размову з Андрэем Дзмітрыевым можна паглядзець тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі