Разведка Украіны назвала яшчэ адно прадпрыемства РБ, якое дапамагае Расіі выпускаць зброю

Кампанія "Швабе"

Кампанія "Швабе" / прэс-служба "Швабе"

Беларускае прадпрыемства "Швабе" пастаўляе ў Расію вайсковую прадукцыю — прылады начнога бачання, прыцэлы і біноклі. Пра гэта паведамляе Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны.

Беларуская кампанія называе сябе вытворцай геадэзічнага і медыцынскага абсталявання. Яна ўваходзіць у склад расійскай карпарацыі "Ростэх".

Ва ўкраінскай разведцы кажуць, што вытворчасць у Мінску была адкрытая летась: "У 2025 годзе на базе прадпрыемства запусцілі інжынірынгавы цэнтар вытворчасці прадукцыі для вырабу аптычных прыладаў, радыёсувязі, космасу і малой авіяцыі. Належыць АТ "ПО "Уральскі оптыка-механічны завод імя Э.С. Яламава", што ўваходзіць у склад холдынгу АТ "Швабе" расійскай дзяржаўнай карпарацыі "Ростэх".

Украінскія разведчыкі мяркуюць, што менавіта "медыцынскае" прыкрыццё дазволіла частцы прадпрыемстваў холдынгу "Ростэх" пазбегнуць міжнародных санкцый. У прыватнасці, гэта атрымалася ў яго прадстаўніцтва ў Беларусі.

У ГУР Украіны дадаюць, што ў РФ няма выразнага падзелу на грамадзянскую і вайсковую вытворчасць і "любыя тэхналагічныя прадпрыемствы могуць быць інтэграваныя ў ваенную машыну агрэсіі".

Раней прадстаўнікі арганізацыі BelPol казалі, што ў Беларусі 287 дзяржаўных прадпрыемстваў удзельнічаюць у вытворчасці прадукцыі для расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.