Пры ўдары па Бранску было знішчанае абсталяванне ад беларускага "Планара"


Удар па прадпрыемстве ў Бранску

Удар па прадпрыемстве ў Бранску / кадр з відэа генштаба УСУ

Абсталяванне, пастаўленае беларускім ААТ "Планар", было знішчанае падчас украінскай атакі ракетамі Storm Shadow па расійскім прадпрыемстве "Група Крэмній ЭЛ" у Бранску. Як сцвярджае арганізацыя былых сілавікоў BELPOL, гаворка ідзе пра абсталяванне на мільёны долараў.

У распараджэнне BELPOL трапілі кантракты, з якіх вынікае, што з 2022 па 2025 год "Планар" паставіў для "Групы Крэмній ЭЛ" дзясяткі ўстановак, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці мікрасхем.

Сярод гэтай прадукцыі было наступнае абсталяванне:
устаноўкі далучэння вывадаў аўтаматычныя ЭМ-4520;
аўтаматы шматузроўневага далучэння вывадаў ЭМ-4550;
устаноўкі ультрагукавой зваркі ЭМ-4341;
комплексы тэставання ЭМ-6610-1;
аўтаматычныя ўстаноўкі сумяшчэння і экспанавання ЭМ-5084БМ;
устаноўкі сумяшчэння і экспанавання ЭМ-5026АМ;
устаноўкі мантажу крышталяў ЭМ-4075А-1;
устаноўкі для кантролю дэфектаў у фоташаблонах ЭМ-6729Б-0,25;
устаноўкі лазернай карэкцыі тапалогіі фазазрушвальных шаблонаў ЭМ-5181.

Адзначаецца, што "Планар" супрацоўнічае не толькі з АТ "Група Крэмній ЭЛ", але і з шэрагам іншых прадпрыемстваў расійскага ваенна-прамысловага комплексу.

Удар па заводзе мікраэлектронікі ў Бранску УСУ нанеслі 10 сакавіка. Паведамлялася, што загінулі шэсць чалавек, больш за 40 атрымалі раненні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.