Польскі аналітык лічыць, што знойдзены ў Польшчы дрон запусцілі з Беларусі
Дрон з выбухоўкай знайшлі на ўзбярэжжы Балтыйскага мора / x.com/KosiniakKamysz
Беспілотнік, які заляцеў на тэрыторыю Польшчы, быў запушчаны з тэрыторыі Беларусі, а не з Калінінградскай вобласці, паколькі менавіта ў Беларусі пастаянна дыслацыруецца падраздзяленне, якое займаецца падрыхтоўкай і запускам такіх дронаў. Такую думку выказаў адстаўны польскі ваенны лётчык, удзельнік міратворчых місій ААН UNPROFOR і UNIKOM, ваенны аналітык Міхал Фішэр.
Па яго словах, гэтае падраздзяленне ўжо некалькі месяцаў штодзённа ўдзельнічае ў атаках беспілотнікамі на Украіну і адпраўляе хвалямі па некалькі дзясяткаў дронаў. У цяперашні час, адзначыў аналітык, за суткі запускаецца ў сярэднім 160–180 беспілотнікаў, астатнюю частку забяспечваюць іншыя падраздзяленні, размешчаныя вакол Украіны, — ад Бранскай вобласці да Крыма.
Фішэр указаў, што перакідка пускавой устаноўкі, станцый кіравання, абсталявання для праграмавання і персаналу ў Калінінградскую вобласць па чыгунцы і морам дзеля запуску аднаго-трох дронаў была б немэтазгоднай, тады як з Беларусі падраздзяленню патрабавалася толькі перамясціцца аўтамабільным транспартам з раёна Гомеля ў раён Гродна. Адлегласць, якую дрон павінен быў пераадолець, склала каля 550 км, пры далёкасці "Герберы" ў 650 км без дадатковых паліўных бакаў.
"Так што прасцей было запусціць з Беларусі, дзе яны ўжо і так знаходзяцца", — адзначыў Фішэр.
Што за дрон, які знайшлі на ўзбярэжжы польскай Балтыкі
Паводле папярэдніх высноў польскіх улад, беспілотнік, знойдзены 14 верасня ў Заходнепаморскім ваяводстве, з'яўляецца расійскім беспілотнікам "Гербера-2".
Палкоўнік Барташ Аканеўскі, намеснік раённага пракурора па ваенных справах акруговай пракуратуры Познані, паведаміў у сераду PAP, што знойдзены беспілотнік быў узброены.
"У ім знаходзілася асколачна-фугасная баявая частка з узрывальнікамі. Нам удалося аддзяліць баявую частку ад самога лятальнага апарата, а потым, з меркаванняў бяспекі, баявую частку адразу ж абясшкодзілі на пляжы", — сказаў ён.