Стужка “Лісты” пра беларускіх палітвязняў скарае Венецыю. Паразмаўлялі з яе аўтарам
Кадр з фільма "Лісты" / Filmotor
На адным з галоўных фестываляў свету — Венецыянскім — на гэтым тыдні адбылася прэм’ера “Лістоў” (замежная назва фільма — “Лісты з маўклівай краіны”) беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы. Фільм удзельнічае ў пазаконкурснай праграме Venice Open.
Стужка прысвечана лёсам некалькіх беларускіх палітвязняў і іх сем’яў і грунтуецца на іх перапісцы праз папяровыя лісты. Акрамя дакументальнай фактуры, аўтары таксама выкарысталі анімацыю і іншыя візуальныя сродкі, каб распавесці няпростую і кранальную гісторыю.
Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі распытаў Андрэя Куцілу, як ён ствараў свой новы фільм, што ў працэсе працы было самым складаным і што беларусаў чакае ў будучым.
— Андрэй, віншую цябе з прэм’ерай. Як ты сябе зараз адчуваеш?
— Дзякуй, адчуваю сябе спакойна, нармальна. Неспакойна было дарабляць фільм. Спакайней яго ўжо паказваць, калі ён гатовы. Мы мусілі паспець зрабіць яго, не спалі па начах, каб папросту паспець з гукам, з колерам, з анімацыяй. Усё дарабіць. І нават адклалі дастаўку DCP [спецыяльная копія фільма для паказу ў кінатэатрах. — Еўрарадыё].
Сама прэм’ера ў Венецыі для мяне прайшла нервова. Бо сапраўды, такая падзея здараецца раз у жыцці.
— У сераду адбыўся паказ для прэсы, у чацвер — для гледачоў. Як рэагавала аўдыторыя на стужку?
— Што тычыцца гледачоў, то рэакцыі былі пазітыўныя. Некаторыя італьянцы адкрылі ўпершыню для сябе ўвогуле такую краіну, як Беларусь. Да гэтага фільма яны пра яе не ведалі.
Не ведаю, што яшчэ сказаць, каб не выглядала, што сябе нахвальваю.
— Калі гэта былі добрыя водгукі, то чаму і не сказаць пра гэта?
— Так, добрыя. Ніхто не ўстаў і не сказаў, што фільм — гаўно, гэта дакладна. А наколькі добрыя, то трэба ўжо чытаць артыкулы.
— А распавядзі, пра што пыталіся гледачы пасля прагляду?
— Пыталіся пра герояў, іх лёсы. Як мы працавалі над лістамі [палітвязняў і іх сваякоў], як увогуле развіццё праекта адбывалася. Як мы рабілі анімацыю і чаму менавіта яе [ужывалі]. І такія, ведаеш, пытанні былі цікавыя, глыбокія.
Нехта проста дзяліўся рэфлексіяй накшталт “спадзяюся, што ў Беларусі ўсё зменіцца”. Цёплыя словы падтрымкі былі. І палітвязням, і простым беларусам.
— Твой праект ствараўся цягам апошніх пяці гадоў. Раскажы, наколькі складана было над ім працаваць? Ты ўжо сказаў, што гэта было складана, але незразумелая ўся глыбіня гэтай складанасці, таму што стужка тычыцца жыцця палітвязняў і іх сем’яў. Тэма вельмі чуллівая, асабліва для беларускага грамадства.
— Гэта было вельмі складана. Самы складаны праект у маёй фільмаграфіі. Не толькі ў сувязі з тэмай, а ў сувязі з абранай формай аповеду.
Спачатку ніхто не верыў, што ўдасца зрабіць фільм толькі на лістах, на нататніках. Як гэта ўсё паказаць, калі людзі ў турмах ці выйшлі з іх? Як гэта зрабіць у кінематаграфічным сэнсе прывабна і дасціпна? Карацей, такі выклік менавіта фармальны.
Што тычыцца драматургіі — мы доўга працавалі над тым, як выбудаваць паслядоўнасць. Дзе для кожнай гісторыі знойдзецца сваё месца. Дзе будзе жывое кіно, дзе анімацыя, якім чынам яна будзе працаваць на ўвесь фільм, як яе ўплесці. Але гэта ўжо этап постпрадукцыі, пасля здымак.
А перад гэтым былі два гады працы: чытанне лістоў, збіранне інфармацыі, праца з героямі — з кожным, з кім магчыма. Вялікі і складаны рэсёрч.
І паступова гэта складанасць нарастае. Ты працуеш з кожным героем як пры сапраўдным поўнаметражным фільме, а пасля ўжо ў цябе гэта гісторыя скарачаецца да 20–15 хвілін у фільме.
У гэтым уся складанасць — знайсці для кожнага героя сваю перспектыву, сваё месца і, самае галоўнае, сваю візуальную мову.
Найбольш складанае — як гэтыя розныя візуальныя падыходы можна сумясціць у адным поўнаметражным фільме, каб ён выглядаў цэльна, не рассыпаўся на хаду.
Таму працаваў я не адзін. Працавала цэлая каманда, у тым ліку над лістамі вязняў. Дапамагалі [дакументалістка] Ганна Бадзяка і часткова [паэтка, перакладчыца] Юлія Цімафеева.
— Твой фільм грунтуецца на чатырох гісторыях. У які момант стала зразумела, што выключна дакументальнай формы недастаткова, трэба выкарыстоўваць і анімацыю, і іншыя медыумы, каб распавесці тое, што адбываецца зараз у Беларусі з людзьмі?
— Ну, я заўсёды марыў зайсці ў анімацыю — кароткаметражны фільм зрабіць ці поўнаметражны. Усё адбылося натуральным чынам.
Заўсёды любіў глядзець дакументальнае і анімацыйнае кіно. Хадзіў на фестывалі, у прынцыпе разумеў, што гэта поўная свабода візуальнай мовы, што ты тут увогуле нічым не абмежаваны. Толькі сродкамі, бюджэтам і тэхнікай выканання.
— Як усё ж такі атрымалася, што фільм патрапіў на Венецыянскі кінафестываль? Таму што гэта сапраўды гістарычная падзея. Бо, акрамя цябе, з беларускіх фільмаў у Венецыі быў толькі "Іван Макаравіч" Ігара Дабралюбава ў 1970-ым, "Ідзі і глядзі" Элема Клімава у 1985-ым і "Пад небам галубым" Віталя Дудзіна у 1990-ым, але гэта ўсё за савецкім часам. Што ты можаш распавесці?
— Мы рабілі фільм і не думалі пра фестываль. Але на адным з пітчынгаў, які арганізаваў у тым ліку мой прадзюсар Міраслаў Дымбінскі і мой мастацкі кансультант Яцэк Блавут падчас кінафестывалю Millenium Docs Against Gravity у Варшаве, праект заўважылі.
Гэта было пяць гадоў таму. Ён яшчэ ўвогуле не быў фільмам. Параілі тады адборшчыкам за гэтым праектам сачыць. Вось так і атрымалася.
Канчатковае рашэнне [аб удзеле] было прынята ўжо падчас вытворчасці. У нас быў фінал, але яшчэ фільм быў не дароблены да канца, былі элементы недапрацаванай анімацыі, яшчэ недароблены гук, але ўжо на гэтым этапе было зразумела, як фільм будзе выглядаць. І нас запрасілі.
— Яшчэ да прэм’еры ў праекта з’явіўся еўрапейскі дыстрыб’ютар Filmotor. Ці зразумела ўжо, што хтосьці хоча набыць правы і паказаць фільм у сябе? І наколькі з’яўленне гэтага партнёра змяніла лёс стужкі?
— Яшчэ рана казаць, таму што вынікі могуць быць праз пару месяцаў. Што тычыцца фестываляў, мы ўжо маем наступныя запрашэнні.
Наконт пракатнага лёсу — паглядзім. Але нам важна было, што з намі ўжо на этапе прадукцыі было польскае тэлебачанне. З намі ZDF і Аrte, таму фільм пакажуць у Германіі і ў Францыі.
Таксама ў партнёрах Deutsche Welle, а гэта ўжо пакрыццё ўсяго свету з сямю, калі я не памыляюся, моўнымі версіямі.
Мы ведалі гэта ўжо на этапе прадукцыі і ставілі на гэта, таму што шмат хто з прадзюсараў не хочуць уваходзіць у калабарацыю з такім шырокім пакрыццём, каб пасля мець магчымасць большых продажаў.
Але мы вырашылі, што для гэтага фільма, для гэтай тэмы нам больш важна мець на этапе прадукцыі ўпэўненасць, што фільм будзе распаўсюджаны вельмі шырока, дойдзе да больш шырокага гледача.
І таму Filmotor як кампанія, якая займаецца распаўсюдам, гэта ведаюць і паспрабуюць проста яшчэ пашырыць гэтую аўдыторыю.
— Твой перадапошні фільм “Кветкі не маўчаць” фактычна, акрамя фестываляў, нідзе не быў паказаны. Значыць, у “Лістоў” будзе больш шчаслівы лёс.
— Так-так. Яго і ў Беларусі пабачаць. Будзе доступ праз некаторы час на анлайн-платформах. Проста гэта здарыцца не заўтра і не паслязаўтра, а праз пэўны час. Кожны зможа паглядзець гэты фільм.
— Прыгадваю старую размову з табой адносна таго, што табе не падабаецца ўвогуле працаваць з палітычнай тэмай. Але жыццё прымусіла зараз большасць беларускіх дакументалістаў пра гэта здымаць, таму што не здымаць немагчыма. Як табе з гэтым?
— Тэма сапраўды палітычная, але мае ўніверсальнае вымярэнне.
Гэта абсалютна ўніверсальная гісторыя пра чалавечыя пачуцці, пра каханне, пра сяброўства, пра нейкі боль. Што дазваляе ёй выйсці за межы выключна палітычнага кіно.
І таму ў мяне ўвогуле не было з тым праблемы. Так, не хочацца рабіць кіно палітычнае толькі таму, што трэба яго рабіць у такім сэнсе. Калі нейкія палітычныя падзеі здараюцца, ты вымушаны шукаць патрэбную форму.
А тут я хацеў расказаць пра тое, што адбываецца з нацыяй, які лёс у краіны ўвогуле. Што нас напаткала. Што нас чакае.
— Ты ў большасці сваіх фільмаў спрабуеш намацаць нерв беларускага грамадства ў розныя моманты: стагнацыі, уздыму, трагедыі. А ў цябе ёсць прадчуванне, што за перыядам сённяшняй сілавой рэакцыі можа адбыцца? Калі зазірнуць за гарызонт сённяшніх падзей, што ты за ім бачыш?
— Трэба жыць сёння, зараз. Канешне, думаць пра перспектыву, але што гэта думанне зменіць?
Хадзіць, удзельнічаць у панэлях пра будучыню Беларусі? Не ведаю. Мы проста маем рыхтаваць сябе, маем рыхтаваць сваіх дзяцей, проста жыць, назапашваць досвед і адукацыю. І, калі што, папросту быць гатовымі да змен унутры краіны і да вяртання туды. Вось і ўсё.
А думаць, даваць прагнозы — марная справа. Можа, нешта зменіцца праз год, пяць гадоў ці дваццаць — мы не можам на гэта ўплываць зараз, асабліва калі мы знаходзімся ў эміграцыі.
Што мы можам рабіць — не забываць пра тых, хто там, унутры. І таму спрабаваць пра іх казаць. Кожны сваімі сродкамі: палітыкі — сваімі, мы, дакументалісты, артысты, мастакі — сваімі.
Мой досвед дакументальнага кіно і гісторыя паказваюць, што перамены — гэта рэдка вылічальныя рэчы.