Мастак Аляксей Кузьміч зноў прыязджаў у Беларусь, праз два месяцы яго эвакуявалі

Аляксей Кузьміч

Аляксей Кузьміч / facebook.com/kuzmich.alexei

BYSOL паведамляе, што эвакуяваў з Беларусі мастака Аляксея Кузьміча. "Гэтая эвакуацыя экстраардынарная тым, што чалавек неаднаразова падвяргаў сябе небяспецы, вяртаючыся ў Беларусь, што пацягнула за сабой значныя наступствы (крымінальны пераслед) і стварыла дадатковую нагрузку на службу эвакуацыі BYSOL", — адзначаецца ў паведамленні. Дабрачынны фонд заклікае беларусаў "ставіцца адказна" да рашэнняў ехаць ці не ехаць у РБ. 

Кузьміч вяртаўся ў Беларусь з вымушанай эміграцыі ўжо другі раз. Першы раз — восенню мінулага года. Цяпер жа ён называе прычынай чарговага вяртання сямейныя абставіны — хацеў развітацца з цяжка хворай бабуляй. У Мінску ён з'явіўся 16 снежня 2023-га і не паспеў — за некалькі гадзін да яго прыезду ў бальніцу яна памерла. "Вяртаўся ў Беларусь, канечне, не наўпрост, але недзе засвяціўся, кажа Аляксей Кузьміч "Нашай ніве". — Хутчэй за ўсё, трапіў недзе на камеру, хаця і выконваў меры перасцярогі — насіў капюшон, кепку і маску, але, напэўна, недзе трапіўся".

Праз месяц жыцця ў беларускай сталіцы мастаку стала вядома, што яго могуць шукаць сілавікі, і гэта неўзабаве пацвердзілася. У сярэдзіне студзеня сваякам з СК паведамілі пра крымінальную справу за "хуліганства" на мосце на Нямізе восенню мінулага года (тады ён апублікаваў фота з аголеным азадкам на праспекце Пераможцаў). І прапанавалі, каб Аляксей "здаўся", тады будзе "толькі штраф". Яшчэ месяц ён хаваўся ў вёсцы, пакуль хаты перад "выбарамі" не пачаў абыходзіць участковы. У бяспецы "ў адной з еўрапейскіх краін" Кузьміч апынуўся 21 лютага.

Аляксей Кузьміч кажа, што напісаў дзве кнігі і збіраецца ў Парыж, "каб там займацца мастацтвам".

Мастак-акцыяніст з'ехаў з Беларусі пасля выбараў 2020 года. У дзень галасавання ён распрануўся на выбарчым участку і прымацаваў да грудзей бюлетэнь, на якім намаляваў "выяву ў выглядзе мужчынскага палавога органа". Гэта цытата з пастановы суда, які прысудзіў Кузьмічу 15 сутак арышту. За мяжой ён таксама ладзіў правакацыйныя перфомансы. Напрыклад, у Францыі спрабаваў пранікнуць у Елісейскі палац з бутэлькай, "якая нагадвала кактэйль Молатава".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі