Вы тут

Аляксей Кузьміч апублікаваў фатаграфіі з акцыі ля рэзідэнцыі Эманюэля Макрона

Затрыманне Аляксея Кузьміча ў Парыжы / Фэйсбук

Фатаграфіі са скандальнага перфоманса ля рэзідэнцыі Эманюэля Макрона ў Парыжы ўсё ж патрапілі ў сеціва. 24 траўня беларускі акцыяніст Аляксей Кузьміч апублікаваў здымкі на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".

“Я пакінуў Францыю, піша Кузьміч. —  Бяспека ў гэтай краіне для мяне скончана. Пасля акцыі #імітацыя і паказальнай сімуляцыі "непакарання" паліцыя не перастала мяне пераследваць. За мной усталявалі сачэнне, была спроба незаконнага ператрусу месца, у якім я раней жыў”.

Мастак дадае, што за ім сочаць "сумнеўныя асобы", якія прадстаўляюцца то славацкімі кінарэжысёрамі, то кітайскімі журналістамі. Ён лічыць, што да сачэння мае дачыненне французская паліцыя і КДБ Беларусі.

Нагадаем, што 1 красавіка Кузьміч паспрабаваў патрапіць у Елісейскі палац з бутэлькай, "якая нагадвае кактэйль Молатава", у якой было грудное малако. Акцыяніста затрымалі — як і дваіх журналістаў, якія здымалі тое, што адбываецца. Пазней Кузьміча адпусцілі, папярэдзіўшы, што калі цягам пяці гадоў ён зробіць падобную акцыю, то справу адновяць.

Разам з адвакатамі Аляксей дамагаўся таго, каб яму вярнулі фатаграфіі з перфоманса. Дамогшыся свайго, ён пакінуў краіну.

Аляксей Кузьміч вядомы ў Беларусі сваімі скандальнымі перформансамі. 9 жніўня, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, ён прыйшоў на выбарчы ўчастак у мінскую школу №44. З кабінкі для галасавання Кузьміч выйшаў у адной набедранай павязцы, а на грудзях у яго быў прымацаваны бюлетэнь з намаляваным фаласам. Потым акцыяніст стаў пасярод участка ў позе крыжа. Вечарам мастак выйшаў у набедранай павязцы да сілавікоў са шчытамі і агнястрэльнай зброяй у руках. Пасля выбараў Аляксей быў затрыманы. Ад пераследу ён з'ехаў за мяжу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.