Вы тут

Марадона заявіў, што не падпісваў кантракт з брэсцкім "Дынама"

Дыега Марадона. Фота з яго акаўнту ў Фэйсбуку

Дыега Марадона заявіў, што не падпісваў кантракт з брэсцкім футбольным клубам "Дынама". Такая заява прагучала 10 верасня, калі аргенцінец даваў прэс-канферэнцыю як галоўны трэнер мексіканскага клуба "Dorados de Sinaloa", паведамляе "Белсат".

"У мяне было амаль усё гатова на подпіс, але мы не змаглі завяршыць гэтую справу, бо ўзніклі пытанні з гульцамі і таму мы вырашылі пакінуць гэта на будучыню, бо я планую застацца тут (у Мексіцы. — Рэд.) надоўга", — паведаміў Марадона падчас прэс-канферэнцыі.

Раней брэсцкае "Дынама" паведамляла, што Марадона падпісаў кантракт і будзе працаваць старшынёй праўлення. Славуты аргенцінец наведаў Брэст адзін раз — у ліпені. 

Днямі стала вядома, што ён падпісаў кантракт з мексіканскім футбольным клубам, дзе будзе працаваць галоўным трэнерам. Пасля гэтага брэсцкае "Дынама" ў афіцыйнай заяве паведаміла, што Марадона быў запрошаны ў якасці ганаровага прэзідэнта. Яго асноўныя функцыі — папулярызацыя беларускага футбола, развіццё яго інфраструктуры, удзел у трансферах, прыцягненне спонсараў і развіццё дзіцячага і юнацкага футбола.