Вы тут

Марадона павіншаваў Лукашэнку і паабяцаў нарэшце выйсці на працу

Дыега Марадона каля партрэта лідара кубінскай рэвалюцыі Фідэля Кастра. Фота: instagram.com/maradona

Дыега Марадона павіншаваў праз Instagram Аляксандра Лукашэнку з днём нараджэння і паабяцаў нарэшце выйсці на працу. Ён коратка напісаў, што па-ранейшаму захапляецца беларускім кіраўніком, падзякаваў яму за магчымасць працаваць у яго краіне. Марадона збіраецца на наступным тыдні пачаць дзейнасць у футбольным клубе.

Знакаміты аргентынец з траўня з'яўляецца старшынёй праўлення ФК "Дынама-Брэст", але ў горад над Бугам заязджаў толькі аднойчы, у ліпені. Тады ён паўдзельнічаў у прэс-канферэнцыі, наведаў перапоўнены стадыён у Брэсце, паглядзеў матч "Дынама", які яно прайграла "Шахцёру", даў парады гульцам. Сустрэцца з Лукашэнкам і зрабіць з ім сэлфі ў Дыега тады не атрымалася. Ён ляцеў з Расіі, дзе прысутнічаў на чэмпіянаце свету па футболе, і хацеў хутчэй патрапіць на адпачынак на радзіму. Пакуль ён быў у Аргентыне, мясцовыя СМІ шмат пісалі пра розныя скандальныя гісторыі, у якія трапляў Марадона. Ён "не змог звязаць двух слоў" у тэлеінтэрв'ю, на яго падае ў суд былая жонка. А днямі з'явілася інфармацыя, што Марадона можа развітацца з "Дынама" і працаўладкавацца ў Венесуэле.