Вы тут

Уладальнік брэсцкага "Дынама": Марадона знік з радараў

16 ліпеня 2018 года. Марадона ў Брэсце / Еўрарадыё

Уладальнік брэсцкага "Дынама" Аляксандр Зайцаў у інтэрв'ю "Прессболу" распавядае пра тое, ці ўдзельнічае ў дзейнасці клуба Дыега Марадона. Як вядома, знакаміты аргентынец стаў супрацоўнічаць з брэсцкім "Дынама" ў траўні 2018-га, у ліпені ён прыязджаў у Брэст, пасля чаго вярнуўся на радзіму. Марадона абяцаў вярнуцца, але замест гэтага працаўладкаваўся ў Мексіцы.

Па словах Зайцава, кантакты з аргентынцам падтрымліваюцца "час ад часу". На ўрачыстым адкрыцці сезону, якое наладзіла "Дынама", мусіў быць тэлемост з ім. "Мы звязваліся з Дыега, узгаднілі сцэнар, — распавядае ўладальнік клуба. — Але, як заўсёды, нешта здарылася. Ён знік з радараў".

Аляксандр Зайцаў мяркуе, што ва ўзаемаадносінах з Дыега Марадонай няма сэнсу нешта планаваць. У гэтым пераканаліся і кітайскія партнёры. "Як гаворыцца, "я прыйшоў, цябе няма", — адзначае Зайцаў.

Нядаўна ў Брэсце паказалі байк, створаны спецыяльна для Марадоны. Аляксандр Зайцаў кажа: "Чытаў на форумах, што калі ён так сябе паводзіць, трэба матацыкл пакінуць у Брэсце. Мне гэта ідэя спадабалася. Можа, людзям дамо пакатацца".

TUT.by