Клуб з пасёлка на 272 чалавекі ўпершыню ў гісторыі выйграў Першую лігу і выйшаў у Вышэйшую

Гістарычны поспех для "Нівы"

Гістарычны поспех для "Нівы" / АБФФ

"Ніва" стала чэмпіёнам Першай лігі Беларусі па выніках сезона-2026 і ўпершыню ў гісторыі атрымала права выступаць у Вышэйшай лізе. У заключным туры каманда перамагла дубль мінскага "Дынама" з лікам 1:0.

Адзіны мяч на 66-й хвіліне забіў ветэран беларускага футбола Міхаіл Гардзейчук. Пасля 34 тураў "Ніва" набрала 74 ачкі. У каманды пад кіраўніцтвам Паўла Яўсеенкі 23 перамогі, пяць нічыіх і шэсць паразаў. Клуб прадстаўляе вёску Доўбізна Брэсцкай вобласці, дзе пражывае менш за 300 чалавек.

Кіраўнік клуба Віктар Бобр расказаў у каментары для bel.football, што каманда мае намер праводзіць хатнія матчы ў Вышэйшай лізе ў наступным годзе ў Доўбізне.

"Хочам, каб было так. Зробім для гэтага ўсё. Інакш сэнс усяго гэтага праекта будзе страчаны", — адзначыў Бобр.

Ён дапусціў, што першыя матчы сезона давядзецца правесці ў Брэсце з-за надвор'я і негатоўнасці натуральнага газона ранняй вясной.

"Але далей — толькі дома", — сказаў кіраўнік клуба.

На пытанне аб фінансавых укладаннях Бобр адказаў, што ў клуба ёсць напрацоўкі ў супрацоўніцтве з партнёрамі. Па яго словах, у бліжэйшы час усе дэталі прапрацуюць. Ён таксама адзначыў, што пытанні адпаведнасці крытэрыям клуб абмяркуе з Беларускай федэрацыяй футбола.

Клуб "Ніва" быў заснаваны ў 2005 годзе, яго галоўным спонсарам з моманту заснавання з'яўляецца мясцовае сельскагаспадарчае прадпрыемства "АграНіва".

У 2020 годзе каманда выйграла Кубак рэгіёнаў Беларусі, у 2021-м заявілася ў Другую лігу і ў наступным сезоне выйграла турнір.

У 2024 годзе "Ніва" здабыла бронзавыя медалі Першай лігі, аднак саступіла "Нафтану" у стыкавых матчах за выхад у эліту — 1:5 па суме двух сустрэч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.