Зборная Беларусі згуляе са зборнай Ізраіля ў стыкавых матчах Лігі нацый
Зборная Беларусі / АБФФ
Нацыянальная зборная Беларусі па футболе згуляе са зборнай Ізраіля ў стыкавых матчах Лігі нацый УЕФА сезона 2026/27. Гэта стала вядома па выніках лёсавання, якое адбылося 20 лістапада.
Цырымонія прайшла ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Н'ёне. Каманды паспаборнічаюць за права выступіць у Лізе B. Пераможца вызначыцца па суме двух матчаў.
Пераходныя сустрэчы запланаваны на сакавіцкае міжнароднае акно 2027 года. Першыя матчы пройдуць 25-27 сакавіка, у адказ — 28-30 сакавіка.
Нагадаем, што Беларусь заняла другое месца ў групе С1, прайграўшы вырашальны матч Албаніі.