Кватэру Валерыя Цапкалы зноў выстаўляюць на аўкцыён — з новай цаной

Кватэра Валерыя Цапкалы

Кватэра Валерыя Цапкалы / "БелЮрОбеспечение"

Мінскую кватэру Валерыя Цапкалы зноў выставілі на продаж. Аўкцыён запланаваны на 9 красавіка, на гэта звярнуў увагу рэсурс "Зеркало". Першыя таргі мусілі прайсці ў канцы лютага, але яны не адбыліся — не было ахвочых.

Гэтым разам кошт кватэры знізілі — да 286 753 рублёў 76 капеек. Гэта больш чым на 71.000 рублёў ніжэй за першапачатковую цану. Нагадаем: гаворка ідзе пра кватэру ў доме № 5 на вуліцы Чарнышэўскага. Плошча жылля складае 103,7 м2. У кошт уваходзіць таксама парковачнае месца на падземнай аўтастаянцы. У кватэры зарэгістраваны адзін чалавек.

Раней жонка Валерыя Цапкалы Вераніка папярэджвала патэнцыйных пакупнікоў пра праблемы, з якімі яны могуць сутыкнуцца, калі наважацца на куплю. Яна паведаміла, што гэтая кватэра была набытая ў шлюбе, таму на яе маюць права і яна, і няпоўнагадовыя дзеці. Больш за тое, гэтая кватэра "з'яўляецца адзінай маёмасцю, якой мы валодаем на праве ўласнасці і якое з'яўляецца пастаянным месцам пражывання нашых няпоўнагадовых дзяцей". А згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і, дзеці не могуць быць выселеныя "ў нікуды". Звяртаючыся да патэнцыйных пакупнікоў, Вераніка Цапкала заявіла, што яе сям'я мае намер абавязкова вярнуцца дадому і ўехаць у кватэру разам з дзецьмі. Калі да таго часу там будуць пражываць іншыя людзі, то сям'я Цапкала мае намер запатрабаваць ад новых жыхароў "выплаты арэндных плацяжоў за ўвесь перыяд карыстання" маёмасцю.

Нагадаем, у 2005-2017 гадах Валерый Цапкала кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналогій. Планаваў удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2020 года, але ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі. Пасля гэтага жонка Цапкалы Вераніка далучылася да штаба Святланы Ціханоўскай. Сям'я з'ехала з Беларусі ў 2020 годзе. У красавіку 2023 года Мінскі абласны суд завочна асудзіў Валерыя Цапкалу на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі