Вераніка Цапкала мае намер спагнаць арэнду з пакупнікоў кватэры яе сям'і

Кватэра сям'і Цапкала

Кватэра сям'і Цапкала / "БелЮрОбеспечение"

Вераніка Цапкала звярнулася праз сацсеткі ў Следчы камітэт і Дзяржаўную пракуратуру Беларусі. Яна патрабуе правесці расследаванне ў сувязі з разгромам кватэры, якая належыць яе сям'і, а таксама крадзяжом з кватэры рэчаў, у тым ліку дзіцячых.

Яна таксама звярнулася "да людзей, якія захочуць набыць нашу кватэру па заніжаным кошце з мэтай "сарваць халяву". Вераніка Цапкала папярэдзіла іх, што сям'я мае намер абавязкова вярнуцца дадому і разам з дзецьмі ўехаць у кватэру, "пабудаваную на законна заробленыя сродкі". Яны таксама маюць намер запатрабаваць ад новых патэнцыйных жыхароў "выплаты арэндных плацяжоў за ўвесь перыяд карыстання нашай маёмасцю".

Цапкала таксама адзначыла, што хоць гэтая кватэра і аформленая на яе мужа, але набывалі яе ў шлюбе. Такім чынам, на яе маюць правы і яна, і няпоўнагадовыя дзеці. Акрамя таго, гэтая кватэра, паводле яе слоў, "з'яўляецца адзінай маёмасцю, якой мы валодаем на праве ўласнасці і якое з'яўляецца пастаянным месцам пражывання нашых няпоўнагадовых дзяцей". У сувязі з гэтым Вераніка Цапкала таксама нагадала, што, згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і, дзеці не могуць быць выселеныя "ў нікуды", гэта значыць не могуць быць выгнаныя на вуліцу.

Нагадаем, кватэру Цапкалаў выставілі на аўкцыён "Белюрзабеспячэння". Аўкцыён павінен адбыцца 27 лютага.  

Валерый Цапкала раней кіраваў Паркам высокіх тэхналогій. У 2020 годзе ён заявіў пра жаданне ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта, але ЦВК не зарэгістраваў яго кандыдатуру. Пасля гэтага яго жонка Вераніка далучылася да аб'яднанага штабу Святланы Ціханоўскай. Валерый Цапкала, баючыся пераследу, пакінуў Беларусь яшчэ ў ліпені 2020 года, пасля выбараў з краіны выехала і Вераніка. Летась рэжым Лукашэнкі завочна прысудзіў Валерыя Цапкалу да 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі